Цяжкі лёс «Царэўны»
Понедельник, 15.01.2018 10:35. Рубрика: Праекты
– Мама, я вельмі хвалююся. Сёння наш апошні занятак у мастацкім музеі. Буду распавядаць пра Васіля Іванавіча Сурыкава і яго эцюд да карціны “Царэўна”, – сказала Вераніка.
– Не хвалюйся, дачушка, раскажы мне, – усміхнулася мама.
– Поўная назва карціны – “Царэўна наведвае жаночы манастыр”. Каб ты толькі ведала, якое ў іх было цяжкое жыццё! Жылі пад пастаянным наглядам. Для далёкага выезду ў царкву меліся закрытыя карэты. Калі ішлі пешкі ў храм, уздоўж дарогі нацягваліся палотны, каб ніхто не мог іх пабачыць. Царэўны рэдка выходзілі замуж. Заморскія каралевічы ў вачах масквічоў былі “нехрысці”. Адзіны шлях для гэтых дзяўчат – сыход у манастыр. Гэтая сумная гісторыя пра маленькіх царэўнаў уразіла Сурыкава. Пасля знаёмства з кнігай Забеліна “Хатні побыт рускіх царыц XVI-XVII стагоддзяў” мастак вырашыў напісаць гэты твор. Пасля рэвалюцыі эцюд да карціны і палатно зніклі. Праз шмат гадоў эцюд выпадкова знайшоўся ў Японіі. Яго набыў у пецярбургскай камісійнай краме японскі бізнесмен. Само ж палатно адшукалі пад ложкам адной маскоўскай бабулі. Сваяк-рэстаўратар аддаў на захаванне і нечакана памёр. Бабулю ўгаварылі перадаць карціну ў Траццякоўскую галерэю.
– А што ты можаш сказаць пра самога мастака? – спытала мама.
– Васіль Сурыкаў нарадзіўся ў Краснаярску ў 1848 г. Яго першы вядомы твор – акварэльная праца “Плыты на Енісеі” (1862 г.). Сям’я жыла сціпла і грошай, каб аддаць хлопца вучыцца мастацкай прафесіі, не было. Аднойчы яго малюнкі ўбачыў енісейскі губернатар Замятнін. У таленавітага аўтара з’явіўся мецэнат, які заплаціў за навучанне ў Акадэміі мастацтваў. Першая спроба паступлення правалілася, але Васіль не зняверыўся. Ён прайшоў курс малявання ў Санкт-Пецярбургскай школе Таварыства заахвочвання мастакоў. Увосень, здаўшы іспыты ў Акадэмію мастацтваў, стаў вольным слухачом. За 6 гадоў вучобы яго неаднаразова ўзнагароджвалі медалямі і грашовымі прызамі. Шмат працаваў над кампазіцыяй. З-за гэтага таварышы жартам называлі яго “Кампазітар”. Першыя вядомыя карціны – “Помнік Пятру I на Сенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу” і “Міласэрны самарыцянін”. Яны зрабілі Васіля Сурыкава сапраўднай зоркай. Самая знакамітая карціна “Баярыня Марозава” і зараз уражвае масштабнасцю, дынамікай, экспрэсіяй і напорам. Доўгі час Васіль Сурыкаў прыглядаўся да ўнучкі дзекабрыста Свістунова. Гэтую дзяўчыну з вялікімі цёмнымі вачыма звалі Лізавета. Каханне было ўзаемным і 25 студзеня 1878 года яны ажаніліся. Нарадзіліся дзве дачкі – Вольга і Алена. Але шчасце было нядоўгім. Праз 10 гадоў жонка раптоўна памерла. Доўгі час самотны мастак нічога не маляваў. Але паступова творчы настрой вяртаўся. Дачка Вольга падарыла Васілю Іванавічу ўнучку Наталлю. Наталля, якая стала ў далейшым жонкай знакамітага жывапісца Пятра Канчалоўскага, нарадзіла двух сыноў, славутых кінарэжысёраў Андрэя Канчалоўскага і Мікіту Міхалкова. Магіла Васіля Сурыкава знаходзіцца побач з месцам пахавання жонкі на Ваганькаўскіх могілках.
– Малайчына, дачушка! Выдатны аповед! У цябе атрымаецца цудоўная лекцыя, – пахваліла мама.
Усцешаная Вераніка ішла на заняткі. Ёй не цярпелася хутчэй падзяліцца з сябрамі сваімі ведамі. Адзінае, засмучалася, што гэта былі апошнія заняткі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Творчасцю Васіля Сурыкава незвычайны праект “Дзеці – у шэдэўрах мастацтва” завяршаецца.
Анастасія Радзікевіч