Мая Беларусь (працяг)
Аповесць-споведзь
Званы беларускіх храмаў
вызвоньваюць ноты жыцця:
“дзінь-дзінь-дзілінь!..”
Дзень дзінькае новы,
прачынайся, чалавек-гаспадар!
Нашы храмы запрашаюць
на малітвы, споведзі
праваслаўнага і католіка,
іудзея і мусульманіна,
баптыста і старавера…
Над усімі – вянок маралі
Беларусаў:
Любі суседа, як самога сябе;
адчувай адказнасць перад продкамі;
не стаміся вучыць Дзяцей.
Ведай беларускі запавет:
Божы паслухмянец –
гэта той вернік,
які верыць у заўтрашні дзень,
які ўмее цаніць дружбу,
які жыве ў згодзе з яваю,
які шануе зямлю,
падараваную яму лёсам.
Дзінь-дзілінь-дзінь –
вызвоньваюць званы памяці.
Заклік класіка беларускай літаратуры
Змітрака Бядулі:
“Хто мае святы агонь у сэрцы сваім,
хай не стаіць збоку,
а хай бярэцца горача за працу
над пазнаннем хараства
нашай старонкі,
нашага народа.
Няхай прытуліцца гарачым сэрцам
да зямелькі-маткі роднай
і вокам загляне глыбока ў жыццё
і спазнае душу сваёй зямлі”.
***
Мая Беларусь!
Ты яшчэ неадкрытая крыніца
людзей-постацей, людзей-асобаў.
Яны ўслаўлялі цябе ў вяках.
Іх светлы розум,
іх умелыя рукі і непаседлівыя ногі,
іх талент і кемнасць
ашаламлялі сваіх і суседніх валадароў.
От бы ажывіць у нашай памяці
Гараську Акулава з Оршы,
разьбяра па дрэву,
які ўпрыгожваў Аружэйную палату
маскоўскага Крамля!
А што ведаем пра Базыліка Цыпрыяна,
паэта і музыку,
які сваёй душой
цешыў самога Радзівіла Чорнага?
Калі прачытаем творы Андрэя Волана,
сакратара некалькіх каралёў,
аўтара непрачытаных намі кніг
“Пра шчаслівае жыццё”,
“Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці”?
Калі ўславім Фёдара Еўлашэўскага з Ляхавіч,
самародка-самавуку,
які ўдзельнічаў у складанні “Трыбунала ВКЛ”,
працаваў адвакатам у земскім судзе,
напісаў “Дзённік” пра сваё жыццё,
аддаленае ад нас на пяць стагоддзяў?
Мы застанемся збяднелымі,
пакуль не прачытаем творы Мікалая Лянчыцкага,
аднаго з разумнейшых ліцвінаў,
выкладчыка Нясвіжскага калегіума.
Яго гусінае пяро пакінула нам у спадчыну
роздумы “Аб правільна пражытым юнацтве”,
“Аб кіраванні чалавечымі пачуццямі”,
“Аб знешняй падтрыхтоўцы цела”.
Дзеці Беларусі!
Расціце няўрымслівымі адкрывальнікамі
ды і самі тварыце новыя старонкі гісторыі
нашай любай Бацькаўшчыны.
***
Званы маёй Беларусі.
Яны – звонкія, поклічныя, раздольныя –
бадзёраць прастору
над старымі і новымі храмамі.
Яны, галасістыя званочкі,
нястомна збіраюць дзяцей
на новыя ўрокі ведаў.
Вызвоньваюць свежы час
гадзіннікі на сівых замкавых вежах.
Кожная сям’я мае свайго будзьку –
электронны ці спружынавы будзільнік,
пеўня-спевака ці старую бабу,
якая можа не звесці вачэй,
каб унук не спазніўся ў школу.
Даўней званкі вешалі коням, каровам,
каб не згубіліся на пашы.
Цяпер у кожнага пры сабе –
мабільнік, планшэт, камп’ютар.
Мурожныя сенажаці абуджаюць
прывабна-блакітныя званочкі.
Над палеткамі разносяць
свае трапяткія мелодыі
руплівыя жаўрукі-званары…
Усе, усе званы, званочкі
на вахце нашага жыцця.
Дык жа не праспім,
не прапусцім і не ўпусцім
залаты міг зямнога свята.
Ён – божы падарунак нам,
сёння, цяпер,
і з кожным пульсам сэрца.
Дзінь-дзілінь-дзінь,
сустракай, маладая Беларусь,
свой новы дзень!
Уладзімір ЛІПСКІ