Мая Беларусь (працяг)
Аповесць-споведзь
Мая Беларусь здала ў музей
лапці і авечыя кажухі,
цэбры і маслабойкі,
кросны і андаракі,
куфры, гарлачы і збаны,
лучыну і посцілкі ў шашачкі,
сохі і бароны…
Хай нашы нашчадкі
чытаюць па іх жывую кнігу
мінуўшчыны мазольных продкаў.
У побыце цяперашніх сучаснікаў –
магутныя самазвалы “Белазы”,
сусветна вядомыя трактары “Беларусы”,
камбайны-ўсяходы “Палессе”,
вылічальныя машыны,
тэлевізары “Гарызонт”,
гадзіннікі “Прамень”,
камфортныя аўтобусы,
хуткасныя электрычкі…
Умеем рабіць касмічныя спадарожнікі,
унікальную ваенную тэхніку.
Хутка будуем мікрараёны, аграгарадкі,
фермы, лядовыя палацы…
І гэтым усім Беларусы даказалі свету,
што яны ніколі не здадуць у музеі
свае прыродныя адметнасці –
цягавітасць і ўпартасць,
працалюбства і любоў да зямлі,
кемнасць і цярпенне,
гасціннасць і дабрыню.
А калі і сучасная дзіва-тэхніка,
калі сучасныя машыны і пабудовы
стануць музейнымі,
то і тады Беларусы застануцца
самімі сабой,
бо яны адвечна прагнуць
волі, незалежнасці, брацтва.
Гэты покліч сэрцаў
гучыць і ў дзяржаўным гімне:
Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
Ў бітвах за волю, ў бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!
***
Будзеш, дружа, вандраваць
па лясах Беларусі,
не праміні прыродныя помнікі.
Каля Кажан-Гарадка
сустрэнеш дубы-патрыярхі,
якія бачаць свет
ужо гадоў па пяцьсот.
Каб абняць велікана,
трэба рукі шматдзетнай сям’і!
Пад Нясвіжам стаяць у абдымку
дуб і сасна.
Перапляліся каранямі,лашчацца галінамі.
Да іх прыязжаюць маладажоны,
каб даць клятву вернасці.
Вакол Свіцязі растуць дубы,
якія помняць паэта Адама Міцкевіча.
А на Стаўбцоўшчыне
вас чакаюць пад свой парасон
дубы Якуба Коласа.
У нашай Шоўкаўскай дуброве,
гадуюцца цэлымі сем’ямі
крамяныя баравікі-паддубнікі.
Пад Плешчаніцамі,
збіраючы грыбы,
мы сустрэлі старую сасну
з пятлёй на ствале.
Металічны дрот упіўся
ў яе бронзавае цела.
Мясцовыя жыхары патлумачылі:
на гэтай сасне фашысты
вешалі партызанаў…
Лясоў у Беларусі –
трэць тэрыторыі краіны.
Яны ўсе разам – помнік, музей
нашай дзівоснай прыроды.
Спяшайцеся адкрыць іх
ды ўзяць для сябе ўрокі жыцця.
***
Мая Беларусь!
Ты многім сваім сынам і дочкам
змайстравала помнікі, абеліскі.
Утыркаюцца яны ў неба
зоркамі, крыжыкамі, вострымі штыкамі.
Амаль у кожным паселішчы Беларусаў –
памятныя знакі, музеі, Дошкі Гонару.
Калі ведаць, колькі людзей загінула
за нашу мілую Айчыну,
то лёгка ўявіць,
што ходзім мы па акрываўленай зямлі,
па костках тых,
хто любіў сваю Бацькаўшчыну,
хто загінуў, каб ты, мой сучаснік,
весела і сытна жыў на Радзіме продкаў.
Ці маем права не ведаць гэтага?
Не, тысячу разоў не,
бо нашу абыякавасць заўважыць і ацэніць
Сам Бог.
Давай, дружа, дамовімся так:
калі ўбачыш помнік ці абеліск,
прыпыніся ці проста падумай
пра тых, хто пад імі ляжыць.
Калі зможаш,
пакладзі на пагорачак герояў
палявую кветачку незабудку.
Яны ж незабудкавымі вачыма
пазіраюць на нас з неба.
Упусці ў душу спагаду, смутак,
і яны абавязкова адгукнуцца дабром
у тваім лёсе.
Уладзімір ЛІПСКІ