Хто і як мыецца
КОТКА
Вось якая наша котка
Прыгажуня і варкотка,
Мыцца язычком і лапкай
Сядзе зручна на канапку.
ЖАРАБЯТКА
Засвяціла зараніца,
Жарабятка ў луг імчыцца –
Разам з мамай раніцай
У расе купаецца.
КРАКАДЗІЛ
Паглядзі, вунь алігатар,
Пакупацца ён аматар.
Ты ў цянёчку над ракой
Толькі блізка там не стой!
СЛОН
Мыцца любіць слон, вядома,
Ля любога вадаёму,
Душ з сабою носіць ён.
Вось такі чысцёха слон.
ВЕРАБЕЙ
Верабей скок пад кусток, –
Оп! – нырцуе – у пясок! –
Мые там сабе хвасток,
Грудку, крылцы, жываток.
МУХА
На сцяне, стале, на столі
Мушцы поўнае прыволле,
Сядзе – крылцы і галоўку
Лапкамі памые лоўка.
ЖАБКА
Крумкае ў стаўку жабулька,
Робіць бурбалачкі-булькі
І нырцуе ў глыб, бы ў ванну, –
Скурку выкупаць старанна.
СВІНКА
Свінка ў гразі любіць мыцца,
Устане, пойдзе да карытца.
Бруд той высахне – адстане,
Шчэць у свінкі добрай стане!
БАБРЫ
Сябры-бабры пры ўласнай хатцы
Плаціну ставяць, робяць завадзь,
Каб ім было дзе пакупацца
І ўдосталь весела паплаваць.
ЖУК-ПЛЫВУНЕЦ
Жук у сажалцы ціхуткай
Плавае так хутка-хутка,
І ў ныранні, і ў купанні
Жук таксама – удалец!
Ён завецца – плывунец.
ПАВУЧОК
На кусток лягла
Белая імгла,
І на павуцінку
Выпала расінка.
Павучок там зможа
Вымыць восем ножак.
БЕЛЫ МЯДЗВЕДЗЬ
Там, дзе арктычныя берагі,
Там, дзе завеі, сцюжы, снягі,
Белы мядзведзь вандруе адзін,
Любіць купацца ён між ільдзін.
БЕГЕМОТ
Даспадобы бегемоту
Легчы пасярод балота,
Ад мыцця-купання млее.
А як толькі ён устане,
Пашыбуе на сняданне,
То балота абмялее.
КІТ
Спіну вымыць у фантане
Любіць кіт у акіяне.
Куды хоча ён плыве,
Бо свабодным кіт жыве.
Калі пасля гульняў ці працы
Ты мыцца ідзеш ці купацца,
Скажу – я табой ганаруся, –
Твой сябар зычлівы, птах Буся.
Вершы Сержа МІНСКЕВІЧА