Усе фарбы “Вясёлкі”
У сакавіку Сяргей Волкаў, мастак-графік, які стала супрацоўнічаў з нашым часопісам з 1968 г., адзначае юбілей – 75 гадоў.
Паходзіць са знакамітай творчай дынастыі.
Яго дзед – Валянцін Волкаў – аўтар знакамітай карціны “Мінск 3-га ліпеня 1944 года”. Бацька – Анатоль – адзін з асноўных мастакоў “Вясёлкі” ад пачатку стварэння часопіса, узначальваў графічную секцыю Беларускага саюза мастакоў.
Сяргей Волкаў з аднолькавай лёгкасцю ствараў як сатырычныя плакаты, так і тонкія графічныя партрэты, шаржы і дзіцячыя ілюстрацыі. Для дзяцей мастак праілюстраваў больш за 300 выданняў.
Кнігі Янкі Маўра, Эдзі Агняцвет, Івана Муравейкі, Міколы Маляўкі ды іншых пісьменнікаў набылі сваё непаўторнае графічнае выяўленне, дзякуючы таленту спадара Сяргея.
Яго творы – заўсёды пазнавальныя, выразныя, насычаныя па колерах – нагадваюць кадры з мультфільмаў. Гэтая асаблівасць робіць яго адным з любімых мастакоў для дзяцей.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1989). Лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі (2004). Лаўрэат прэміі імя Кандрата Крапівы за малюнкі, надрукаваныя ў часопісе “Вожык” (2007). Яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.
Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК











