Вася Вясёлкін запрашае ў Індыю
Індыя – дзяржава ў Паўднёвай Азіі. Займае сёмае месца ў свеце па плошчы, другое – па колькасці насельніцтва. Мяжуе з Пакістанам, Кітаем, Непалам, Бутанам, Мьянмой, Мальдзійскімі астравамі, Шры-Ланкай, Інданезіяй. Краіна дзеліцца на дваццаць восем штатаў, шэсць саюзных тэрыторый, ёсць Нацыянальная сталічная акруга Дэлі. Сталіца – Нью-Дэлі, буйнейшыя гарады – Мумбай, Колката, Чэннай, Бангалор, Хайдарабад, Ахмадабад. Дзяржаўнымі мовамі лічацца хіндзі, англійская і яшчэ 21 мова. Нацыянальная валюта – індыйская рупія.
Тадж-Махал
Маўзалей Тадж-Махал, які знаходзіцца ў горадзе Агрэ, на беразе ракі Джамна, быў пабудаваны ў 1653 годзе. Дваццаць адзін год тысячы будаўнікоў працавалі па загадзе імператара Шах-Джахана. У гонар яго жонкі Мумтаз-Махал пабудаваны гэты маўзалей. Тадж-Махал мае пяць купалаў, яго вышыня 74 метры. Сцены маўзалея ўпрыгожвае паліраваны паўпразрысты мармур. Ён своеасаблівы: на ўзыходзе сонца – ружовы, раніцай – белы, а ў месячную ноч – срабрысты. Згодна з паданнем, на другім беразе Джамна планаваўся такі ж самы будынак, толькі з чорнага мармуру. Мосцік з шэрага мармуру павінен быў злучаць іх.
Балівуд
Балівуд – гэта сінонім кінаіндустрыі ў індыйскім горадзе Мумбай. Сваю назву займеў па падабенству з амерыканскім Галівудам. Штогод на кінастудыях Балівуда здымаецца прыкладна 800 кінафільмаў. Калі вы завітаеце ў Індыю і захочаце паспрабаваць сябе ў ролі акцёра, ведайце: замежнікам даручаюцца толькі адмоўныя ролі.
Махатма Гандзі
Гандзі – адзін з кіраўнікоў руху за незалежнасць Індыі. Прапаноўваў вырашаць праблемы праз мірныя змены. Распрацаваў філасофію ненасілля. Яго імя вымаўляюць з вялікай пашанай, як і імёны святых. Махатма Гандзі – духоўны лідар нацыі, усё жыццё змагаўся супраць раздзяляючых яго краіну рэлігійных спрэчак, супраць здзеку над людзьмі.
Індыйскі леў
Раней індыйскага льва можна было сустрэць на тэрыторыі Паўднёвай Еўразіі ад Грэцыі да Індыі. Захавалася ўсяго 300 львоў у Гірскім запаведніку, які знаходзіцца ў Гуджарат. Важыць такі леў больш за сто кілаграмаў, даўжыня яго – амаль тры метры.
Анастасія Радзікевіч