Пачатак вучобы
Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга (старонкі, эпізоды з аповесці)
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Хто першы настаўнік Францішка?
Ім быў манах Кукша. Ён перапісваў кнігі, увёў хлопчыка ў таямніцы сіняга, зялёнага, чырвонага чарніла. Францішак і не згледзеў, як цэлая старонка была запоўнена радкамі. І так хутка – аж сам здзівіўся.
Якую мову павінен ведаць кожны адукаваны еўрапеец?
У тыя часы лацінская мова была агульнай для Заходняй Еўропы. Латынь павінен быў ведаць кожны, хто лічыў сябе адукаваным чалавекам. Францішку, каб дасканала ведаць латынь, давялося звярнуцца да бернардынцаў-манахаў, якія заснавалі ў Полацку каталіцкі манастыр.
Якія тады існавалі школьныя пакаранні?
Настаўнік даручаў аднаму з вучняў даносіць, хто з выхаванцаў не ўжывае ў абыходку латыні, і на вінаваўцаў спадалі лазіны. Былі і іншыя кары. Вучню, які на некалькіх занятках не ведаў зададзенага, на шыю надзявалі драўлянага “асла”. І вучань не мог скінуць яго, пакуль сам не прылоўліваў другога на тым, што той раптам загаварыў не па-латыні. Але калі за паўдня і наступную ноч нешчасліўцу не ўдавалася пазбыцца “асла”, яго чакала лупцоўка.
Адкуль пайшло слова “аднакашнік”?
Школьных падручнікаў тады яшчэ не было. Вучыліся па рукапісных рэлігійных кнігах. Пераход з аднае кнігі на другую адзначаўся ўрачыстасцю: вучань прыносіў гаршчок прасяной кашы. Яна была заліта мёдам, а зверху прысыпана манетамі. Настаўнік збіраў манеты, і тут жа ўсе вучні, дружна разам з настаўнікам, упляталі кашу. Адсюль – аднакашнік – гэта тое самае, што і аднакласнік.
Пра існаванне якога сакрэта Францішак дазнаўся ад бацькі?
– Ведаеш, сыне… Ёсць кнігі, не пісаныя, а друкаваныя. Па дзве старонкі вырэзваюць на дошцы і адбіваюць. Толькі тоненькія гэта кніжачкі, старонак, на дваццаць. І не на нашай мове. Праўда, кажуць, ёсць і тоўстыя кнігі няпісаныя. Але іх па-другому адбіваюць, ці, як кажуць тыя немцы, друкуюць…
– А як? – нецярпліва спытаў Францішак.
– Гэтага і я не ведаю. У сакрэце трымаюць. Вялікая загадка гэта…
У наступных раздзелах кнігі ты даведаешся:
у які ўніверсітэт адправіўся вучыцца Францішак;
якая небяспека пагражала яму ў гэтым падарожжы;
з якога ўзросту можна было вучыцца ва ўніверсітэце;
як правільна трэба называць Скарыну – Францішкам ці Георгіем.
Анатоль КЛЫШКА