Вершы на памяць
Паўлюк ПРАНУЗА
Маміны рукі
Маміны рукі самыя лепшыя:
Няньчылі, гушкалі, лашчылі першыя.
Маміны рукі самыя добрыя,
Маміны рукі самыя шчодрыя.
Маміны рукі дужа руплівыя,
Маміны рукі заўсёды цярплівыя.
Маміны рукі самыя ветлыя,
Маміны рукі самыя светлыя.
Пімен ПАНЧАНКА
Каця
У Каці добры вожык.
А з ёй гуляць не хоча.
У вожыка сто ножак,
Так ноччу ён тупоча.
І Каця вожыку крычыць,
Што хоча ножкі палічыць.
Ніна ГАЛІНОЎСКАЯ
Загартаваны
На лыжах я бегаю ў полі,
Улетку гуляю з мячом.
Малы не хварэю ніколі,
А вырасту – стану ўрачом.
Авяр’ян ДЗЕРУЖЫНСКІ
Каралёк
Пад ялінкай
Каралёк
Скок-скок,
Скок-скок.
Аглядае
Ўсе сучкі,
Дзе ёсць
Шкоднікі-жучкі.
Іван МУРАВЕЙКА
У кнігарні
Віця бег дамоў з дзетсада
І ў кнігарню завітаў.
– Колькі кніжак! –
Ён усклікнуў,
Прадаўца прасіць пачаў:
– Я чытаць яшчэ не ўмею –
Мне сямі гадкоў няма,
Дайце мне такую кніжку,
Каб чыталася сама.