Дзівачок
Свяціла яркае сонейка. Шпачанятка зірнула ўгору і зажмурыла вочы, потым расплюшчыла іх, падышло на край прыступкі і глянула ўніз. А там яшчэ харашэй: кусты зялёныя, кветкі розныя.
Шпачок хацеў ужо вярнуцца назад, каб расказаць браціку і сястрычкам, што бачыў, ды раптам з-за дома вылецеў тата. Непаслухмянае шпачаня спалохалася, крутнулася і паляцела ўніз.
Тата заўважыў бяду з дзіцём і кінуўся на дапамогу. Шпачаня з распушчанымі крыльцамі праляцела наўскасяк над гародчыкам і апусцілася на дарожку. Стары шпак сеў побач і злосна пагразіў:
– Фюіць-фі, фюіць-фі!.. Што ты натварыў, што ты натварыў?!
Перапалоханае шпачаня сядзела і не варушылася, а тата падскокваў побач, прысядаў. Ён то ласкава, то пагрозліва камандаваў сыну, а сам прыціскаўся жывоцікам да асфальтнай дарожкі. Відаць, хацеў, каб сын садзіўся яму на спіну ляцець назад у шпакоўню, а малы баяўся.
Раптам паблізу з’явіўся суседаў кот Васька. Шпак, заняты клопатамі, забыўся на небяспеку. А кот быў ужо зусім блізка. Ён прыпаў да зямлі за кустом парэчак, чуць прыўзняў галаву і цікаваў за птушкамі. Васька цярпліва чакаў, пакуль птушкі наблізяцца да куста, каб адным махам можна было скокнуць і схапіць.
З акна нехта грозна крыкнуў. Васька ўсхапіўся, глянуў на дом і адскочыў убок. Стары шпак падняўся ўгару. Па лесвіцы да шпачаняці бег дзядзька Андрэй. Ён памкнуўся ўзяць птушанятка, а тое – хоп за палец.
– Эге, дык ты яшчэ злуешся, – усміхнуўся дзядзька Андрэй. – Не ведаеш, што ледзьве не трапіў кату на снеданне.
Стары шпак пакружыўся над свавольнікам і паляцеў у шпакоўню паглядзець, ці астатнія дзеці там. Шпакоўня была прыбіта да жэрдкі на даху трохпавярховага дома. Здымаць яе, каб вярнуць шпачаня ў сям’ю, не было сэнсу. Яно зноў магло вылецець адтуль і трапіць у каціныя кіпцюры.
Дзядзька Андрэй хацеў ісці ў дом, але ў гэты час на двор выбег суседаў хлопчык Валерык.
– Ой, шпачка злавілі!.. Што вы будзеце з ім рабіць?
– Аднясу ў школу, няхай натуралісты выгадуюць.
– Дзядзечка, дайце мне, я выгадую.
– А тут жа ў нашым пад’ездзе кот ёсць. Не ўсцеражэш – схопіць.
– Я аднясу да Косціка на Чыгуначную вуліцу. Вось тут, – паказаў хлопчык рукою, – блізка. У іх ёсць садзік, і ката няма. Ну, дайце, дзядзечка. От пабачыце, выгадуем.
– Вазьмі, – згадзіўся нарэшце дзядзька Андрэй. – Толькі выгадуйце. Знаеш, колькі ён пасля знішчыць шкоднікаў?!
Хлопчык узрадаваўся, узяў птушанятка і тут жа ўскрыкнуў:
– Ой, кусаецца!
Ад нечаканага крыку шпачок разявіў дзюбку. Валерык выхапіў палец, сцяў губамі балючае месца і ласкава глядзеў птушанятку ў вочы.
– Не бойся, Дзівачок. У Косціка табе добра будзе. Мы ўсяго, усяго наносім есці.
Шпачок натапырыўся і паглядзеў на хлопчыка. Ён, вядома, не разумеў, што гаварыў Валерык, а то падзякаваў бы за старанне, бо даўно хацеў есці.
Косця, жвавы бялявенькі хлопчык, быў рад шпачку не менш, чым Валерык. Чаго толькі ні наставалі яны птушанятку: і кавалачкаў сыру, і крошак хлеба, і нават цукру-пяску насыпалі, а ў сподачак налілі малака. Але шпачанятка сядзела нерухома. І куды толькі падзелася яго ранейшая жвавасць!
Хлопчыкі ўзялі шпачка, нахілілі дзюбку да крошак і пачалі прасіць:
– Ну еш, міленькі Дзівачок.
– Еш, дурненькі. Ты ж памрэш з голаду.
Дзівачок і не думаў дзяўбці.
– Не дакучайце яму, – параіла Косцева мама. – Прагаладаецца, сам знойдзе.
Валерык з Косцем адышліся, пачалі гуляць, але з птушаняткі не зводзілі вачэй.
Толькі падвечар шпачок праглынуў некалькі драбочкаў сыру і запіў малаком. Косця ўсё ж прыпільнаваў гэты момант і пабег сказаць сябру.
– Дзівачок пачаў есці! – закрычаў ён з парога.
Хутка шпачок асвойтаўся і ўжо не баяўся Косці. А праз некаторы час пачаў адгукацца на голас.
Цяпер шпачку было раздолле: хлопчыкі дастаўлялі яму розную спажыву. Еш колькі хочаш і што хочаш. На свайго браціка і сястрычак Дзівачок хутка забыўся. Бацькі яго пасумавалі трохі ды, занятыя доглядам астатніх дзяцей, таксама забыліся на прапажу.
А шпачок рос і рос. Ён ужо добра лятаў па хаце, кружыўся пад столлю. Хлопчыкі нарадавацца не маглі са свайго выхаванца. Часам ён знарок хаваўся дзе-небудзь у куточак. Тады Косця гукаў:
– Дзівачок, дзе ты?
– Фіць-фі, – чулася аднекуль. Гэта азначала: “Шукай мяне”.
Косця заглядваў пад ложак і смяяўся:
– Дзівачок ты мой, вылазь. Ад мяне не схаваешся.
Шпачок спяшаўся да хлопчыка, узлятаў на плячо і весела высвістваў:
– Фюіць, чылі-чылі. “А ўсё ж ты мяне шукаў”, – гаварыў ён на сваёй птушынай мове.
Валерык штодня па некалькі разоў бегаў да сябра паглядзець, што робіць шпачок. А той адчуваў сябе ў хаце гаспадаром.
Косцевай маме не падабалася, што сын столькі часу аддае птушцы. Аднаго разу яна сказала:
– Пара яго, хлопчыкі, на волю выпускаць. Няхай ляціць да сваіх. Цяпер ужо не прападзе, вунь які вырас. Сталым шпаком стаў, – і адчыніла акно.
Шпак вылецеў на двор, сеў на яблыньцы і радасна засвістаў. Косця паклікаў яго:
– Дзівачок! Дзівачок! – і пасыпаў на падаконнік крошак.
– Фэіць-чылік, – адказаў і зляцеў на спажыву.
Шкода было хлопчыкам расставацца са сваім выхаванцам, ды нічога не паробіш. Першыя дні шпак залятаў у хату, калі было адчынена акно, садзіўся на падаконнік і высвістваў свае немудрашчыя песні. Цяпер ён лятаў у чарадзе такіх, як сам, маладых, дружных шпакоў.
Неяк пад канец жніўня Дзівачка не стала: разам з усімі паляцеў на зіму ў цёплы край.
– І не развітаўся нават, – пакрыўдзіўся Косця. – Я так любіў і шкадаваў яго.
Дарма крыўдзіўся Косця. Шпак прылятаў развітвацца, толькі не застаў яго дома. Хлопчык якраз хадзіў купляць кніжкі. Праз тыдзень яму трэба было ісці ў школу.
Алесь ПАЛЬЧЭЎСКІ
(№ 8, верасень 1964 г.)