Рагачоў — сведка мінулых вякоў
З РОГА ЎСЯГО МНОГА
Рагачоў – старажытнае паселішча. Датай яго заснавання лічыцца 1142 год. Такой жа даўніной, а можа, яшчэ і большай, пазначаны іншыя мясціны раёна. Каля вёскі Ходасавічы знойдзена пасудзіна, якой карысталіся людзі яшчэ да нашай эры. Рэчы далёкіх продкаў трапіліся археолагам каля вёсак Доўск, Лучын, Ветачка, Гадзілавічы, Гута, Мадора…
Шмат карыснай прадукцыі вырабляюць рагачоўцы і цяпер. Гэта – будаўнічыя матэрыялы, кансервы, мэбля, камбікармы. Тут ёсць радовішчы торфу, гліны, мелу, пяску.
У нашых землякоў, як у вядомай казцы, з рога – усяго многа. Ды і назва Рагачоў паходзіць ад слова “рог”. Гэта хутчэй ад геаграфічнага размяшчэння горада, які ўзнік на злучыне Дняпра і Друці, на рагу рэк.
Сучасны герб Рагачова створаны на аснове даўнейшага, гістарычнага. На ім, як на сцягу горада і раёна, – простыя і зразумелыя сімвалы. На залатым полі – дзве блакітныя стужкі. Яны азначаюць дзве ракі, якія працякаюць каля Рагачова. А пасяродку іх – выява барановага рога.
КОНЕВЫ
Як бы ні развівалася тэхніка, конь быў і застаецца надзейным памочнікам селяніна. І рагачоўцы здаўна прыручылі каня да сваіх спраў. Сведкамі таму іх прозвішчы.
У раёне па сённяшні дзень жывуць нашчадкі былых лекараў коней – Канавалавы, Канавальчыкі, Канаваленкі; майстроў, якія выраблялі колы і калёсы, – Калеснікавы; даглядчыкаў жывёлы – Конюхавы.
Ёсць прозвішчы, у якіх чамусьці азначаны парода і масць коней, – Сіўчык, Белагрыўцаў, Варанко, Чалы, Беланогі, Буланаў, Скакуноў. У некаторых сем’ях з роду ў род перадаюцца прозвішчы Кабылкін, Лашакоў, Жарабцоў.
Захавалася ў прозвішчах і прафесія тых, хто кіраваў коньмі, – Вазовікаў, Фурман. А сярод рагачоўцаў мелася шмат аматараў праехаць на кані: Барынаў і Лапцеў, Тулупаў і Беднякоў, Бульбачкін і Дзівакоў, Дабрыцкі і Вясельскі, Мудраў і Музычэнка.
ВЯСЁЛЫ ДРАМАТУРГ
Мне пашчасціла ведаць народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка, які нарадзіўся ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Гасцяваў у яго на дачы. Бываў на яго спектаклях, слухаў яго цікавыя і павучальныя аповеды. Адзін з іх асабліва запомніўся. Вось пра што любіў расказваць вясёлы драматург:
– Некалі мяне, пяцігадовага хлапчука, падсадзіў дзядзька на каня. Учапіўся я рукамі за конскую грыву. Сяджу высока-высока. Вышэй дзядзькі, плота. Адчуў сябе моцным і вялікім, аж дух заняло. І раптам з-за плота выскачыла рабая свіння. Конь пада мной загарцаваў. І я зляцеў з яго. Ляжу ў пяску пабіты, пакрыўджаны. Нада мной – дзядзька і высачэзны плот. З тае пары я ніколі не думаю, што асядлаў каня. І ніколі не раю так думаць пра сябе, бо ў любы момант можа знайсціся рабая свіння, якая выскачыць з двара…
П’есы Андрэя Ягоравіча Макаёнка ставіліся не толькі ў Беларусі, а бадай ва ўсіх тэатрах былога Савецкага Саюза. Нагадаю іх назвы: “Лявоніха на арбіце”, “Трыбунал”, “Таблетку пад язык”, “Верачка”, “Пагарэльцы”, “Дыхайце эканомна”…
Верыцца, што мастацкія творы мудрага рагачоўца будуць жыць і ў заўтрашнім дні. Таленавітыя рэчы зберагае сам час. Імя любімага драматурга, былога воіна і настаўніка, журналіста і рэдактара часопіса “Неман”, застанецца ў памяці не толькі землякоў, а і ўсіх прыхільнікаў яго таленту.
ПОДЗВІГ МІЛІЦЫЯНЕРА
Пра подзвіг маладога міліцыянера з Рагачова Вячаслава Сцяпанава я напісаў аповесць “Стрэлы над старым акопам”. Сапраўды, у ноч на 4 верасня 1984 года пад Рагачовам прагучалі стрэлы. Ад рук бандытаў загінуў адважны ўчастковы інспектар Вячаслаў Сцяпанаў. Той ноччу трывожна спаў яго сынок Славік…
Бандыты цэлы дзень мучылі міліцыянера, білі яго, патрабавалі, каб вывез іх на сваім службовым матацыкле ў бяспечнае месца. Яны прапаноўвалі яму шмат крадзеных грошай. Але мужны камсамолец трымаўся да апошняга. Ён адчуў, што бандыты задумалі нядобрае і, вылучыўшы момант, напісаў на пачаку папярос іх прозвішчы. Па гэтым запісе злачынцаў хутка знайшлі.
Ордэнам Чырвонай Зоркі адзначаны подзвіг камсамольца Вячаслава Сцяпанава. Ён навечна занесены ў спісы асабістага складу Рагачоўскага аддзела ўнутраных спраў.
Адна з вуліц у Рагачове носіць яго імя. На магіле ўчастковага інспектара Вячаслава Сцяпанава стаіць гранітны помнік. Пра яго подзвіг расказваюць экскурсаводы ў рагачоўскім краязнаўчым музеі і ў музеі міністэрства ўнутраных спраў у Мінску.
Каля дняпроўскіх круч пад Рагачовам, дзе над старымі акопамі стаяць бярозы з часоў Вялікай Айчыннай вайны, сутыкнуліся дабро і зло, подзвіг і злачынства. Кожны атрымаў сваё. Зло – ганебную смерць і забыццё. Дабро – бяссмерце, якое на зоркавым небе над Беларуссю запаліў мужны міліцыянер Вячаслаў Сцяпанаў.
Дамашнія заданні
1. Што вы ведаеце пра жыццё, творчасць і працу вашых вядомых землякоў: Міколу Сурначова, Канстанціна Саннікава, Фёдара Куляшова, Мікалая Слюнькова, Міколу Янчанку?
2. У якія гарады Беларусі можна заехаць з чыгуначнай станцыі Рагачова?
3. Адзін з народных пісьменнікаў Беларусі лічыў Рагачоўшчыну сваёй другой радзімай. Разгадайце рэбус і вы даведаецеся яго прозвішча.
лыжы‘‘ алень коўш‘.
Уладзімір Ліпскі