Сівы Бабёр
З аповесці-казкі “Закаханы трэцякласнік”
Навігатар “Опеля” запаліў чырвонае вочка. І камандзір экіпажа Казачнік тут жа аб’явіў:
– Пралятаем нейкае трывожнае месца. Не бойцеся, тут прыпыняцца не будзем.
– А чаму? – азваўся Толік, яму хацелася лішні раз паказацца перад Алесяй смелым, адчайным хлопцам, і ён папрасіў. – Давайце паглядзім, чаму навігатар аб’явіў трывогу.
– Не струсіце? – яшчэ раз жадаў пераканацца Казачнік.
– Ды ў нашага Лёхі нядаўна дзядуля памёр. Мы ўсім класам яму спачувалі, не страшыліся, – патлумачыў Толік.
Яго падтрымала Алеся:
– А Віцьку з трэцяга “Б” забралі ў дзетдом. Яго бацькі – п’яніцы. Мы па Віцьку ўсе плакалі. Ён добры.
Казачнік зразумеў, што яго пасажыры не такія ўжо і малалеткі. Яны ведаюць радасці і трывогі, умеюць глыбока перажываць. Хочуць пра ўсё ведаць. І ён прыняў рашэнне:
– Спускаемся ў тым месцы, над якім загарэўся чырвоны сігнал.
Праз лічаныя хвіліны “Опель-попель” з-пад воблакаў апынуўся на пясчанай вуліцы. Тут яшчэ нядаўна была вёска, і ў ёй жылі людзі. Але хаты цяпер пустыя. У некаторых вокны пазабіваныя дошкамі. А некаторыя, наадварот, стаялі з адкрытымі вокнамі і дзвярыма. На яблынях спелі плады. Вакол ліп зумкалі пчолы. Па кветніках пырхалі матылі і вераб’і.
– А дзе людзі? – разгублена спытала Алеся.
– Што з вёскай? – устрывожыўся Толік.
Казачнік яшчэ з вышыні прыкмеціў назву паселішча, пашукаў у інтэрнэце звесткі пра яго і цяпер патлумачыў сваім пасажырам:
– Мы ў вёсцы, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Жыхары пераселены ў бяспечныя месцы. Тут заставацца медыкі ім не раілі.
– Цікава, а хто ж тут жыў? – задумліва сказаў Толік.
І хто б падумаў, раптам з сажалкі, каля якой яны стаялі, выйшаў нейкі сівы прывід. Галава вялікая, зубы шырокія, хвост пляскаты. Чатыры лапы з пяццю пальцамі. Крыху хрыплаватым голасам дзівак сказаў:
– Не палохайцеся, я мясцовы Бабёр.
– Бабёр? – здзівіўся Толік. – Я чытаў, што бабры шакаладнага колеру, карычневыя. Бываюць шэрыя, чорныя.
– А я вось – сівы Бабёр. Гонар маю прадставіцца незнаёмцам, – адказаў тутэйшы жыхар.
– Тут жа нельга жыць! – усклікнула Алеся.
– Гэта людзям забаронена. А нам можна. Наша племя тут вечнае.
– Дык вы, шаноўны Бабёр, мо раскажаце нам, куды мы патрапілі, – папрасіў Толік.
Бабёр прапанаваў вандроўнікам прысесці на зваленую ім алешыну. Сам прысеў на свой пляскаты хвост. Кароткімі пярэднімі лапамі працёр вочы-гузікі. Пачаў баіць:
– Людзі тут вельмі ж дабрэнныя жылі. Што ўжо цярплівыя, што ўжо рабацяшчыя, – свет мо такіх не бачыў. Аднойчы на іх наляцелі варожыя карнікі. Спалілі ўсе хаты. Хто не паспеў схавацца ў лесе, тых пастралялі. Вунь, бачыце, травяны бугарок. Над ім вырасла асіна. Я ніколі яе не стану валіць, бо яна, як крыж над дзедам Сяргеем. Яму было дзевяноста. Тэпаў у лес, але дзе ж ты дойдзеш, ногі не слухаліся. Дык фашыст стрэліў яму ў спіну…
Бабёр не стрымаў хвалявання. З яго вачэй пакаціліся бабрыныя слёзы.
Ніхто не суцяшаў Сівога Бабра. Усе трывожыліся, хаця б ён не прыпыніў аповед. А ён і рады, што знайшліся чуллівыя вандроўнікі.
– Дык слухайце далей, о смелыя падарожнікі. З гэтай вёсачкі дваццаць сем хлопцаў не вярнуліся з вайны. А яшчэ восем, як і дзеда Сяргея, расстралялі. Тут жылі родзічы тых ваенных ахвяраў. Дык і іх, бачыце, выгнаў Чарнобыль…
Бабёр працёр вочы, але не заплакаў, крыху ажывіўся і паведаміў весялейшае:
– Тут хлопчык жыў Уладзька. Дык ён, калі вярнуліся з лесу на папялішча, плакаў як мы, бабры. Бачыце, згарэлі яго цацкі. Мама супакоіла: “Будуць у цябе яшчэ лепшыя цацкі, сынок”. І што вы думаеце, той Уладзік вырас, вывучыўся, стварыў музей цацак і стаў складна пісаць казкі…
Толік і Алеся зірнулі на Казачніка. Заўважылі, што той крыху засаромеўся, але ніхто нічога не сказаў. Слухалі далей паважанага Сівога Бабра:
– З нашай вёскі выраслі настаўнікі, будаўнікі, дальнабойшчыкі, шахцёры, нафтавікі…
Старажыл мясцовай сажалкі раптам папрасіў вандроўнікаў:
– Людзі дарагія, вы ездзіце, лятаеце па ўсёй краіне. Адшукайце нашых людзей, складзіце пра іх кнігу. І пра наша племя баброў прыгадайце ў ёй. Так і напішыце: “Бабры хоць і лічацца звярамі, але шкоды людзям ніколі не чыняць. Хіба што выпадкова. Мы тут вечныя! І заўсёды будзем помніць, якія залатыя людзі жылі з намі…”
Сівы Бабёр паказаў свае трохпавярховыя хаты на сажалцы, пазнаёміў нечаканых вандроўнікаў са сваёй сям’ёй. Толіку і Алесі вельмі спадабаліся яго дзеці – бабраняты. Яны лоўка плавалі, спрытна ныралі, смешна чмыхалі ў вадзе.
Толік пацікавіўся:
–А вашы сынкі і дочкі, шаноўны Сівы Бабёр, ходзяць у школу?
– О, для іх вялікая школа пачынаецца з першага дня жыцця. Як толькі яны возьмуцца ў сілу, мы вучым іх плаваць, шукаць ежу, валіць дрэвы. Мы толькі два гады трымаем іх каля сябе. А тады яны ствараюць свае сем’і. Самі будуюць сабе хаты…
Казачніку падабалася, што Толік і Алеся так уважліва слухалі старога Бабра. Жыхар бязлюднай вёскі даваў ім свае практычныя ўрокі.
На развітанне Сівы Бабёр папрасіў:
– Шаноўныя, падмажыце нам збудаваць помнік людзям, якія тут жылі. Мы хочам, каб на тым помніку напісалі ўсе прозвішчы былых жыхароў і змясцілі іх фатаграфіі. А мы б ахоўвалі той помнік.
Сівы Бабёр яшчэ раз працёр лапай павільгатнелыя вочы і паўтарыў:
– Мы тут вечныя!
Уладзімір ЛІПСКІ