Галчаня з чацвёртага паверха
Гэтае Галчаня вельмі цікаўнае і непаседлівае. Аднойчы так далёка вытыркнулася з гнязда, што выпала. Але не разбілася, а, адчайна залапатаўшы крыламі, мякка апусцілася на зямлю.
– Ой, вы ледзьве мяне не задушылі! – пачуўся раптам тоненькі галасок.
– Дзе ты хаваешся? – спытала Галчаня. – Як цябе завуць?
– Мяне завуць Мураш. Вы прызямліліся проста на наш мурашнік…
– Дык ты жывеш у зямлі? – азірнуўшыся вакол сябе, здзівілася Галчаня.
– У зямлі, – пацвердзіла малеча. – І не мы адны там жывём. У зямлі жывуць таксама мышы, краты, а ў норах – лісы…
Але Галчаня перапыніла Мураша:
– Паслухайце, чым ён хваліцца! Хіба цікава жыць у зямлі ці нават на зямлі? Усе адважныя звяры і птушкі жывуць на чацвёртым паверсе! Як я. Адтуль усё відаць як на далоні.
– Затое цяпер табе мала бачна! – застракатала побач Сарока. – Пранюхаўшы, што ты выпала з гнязда, сюды спяшаецца рыжая разбойніца.
– Ліса ўжо блізка! – падскочыў да птушаняці Заяц. – Як быць? Што рабіць?! Куды падзеўся братка Вожык?
– Я тут! – выкаціўся з-пад лазовага куста калючы клубок. – Хоць сілы ў нас няроўныя, але разбойніцу я пастараюся затрымаць!..
Вожык не спазніўся, акурат паспеў на дапамогу. Ліса кінулася на яго, але ўкалола аб калючкі свае лапы і жаласна зацяўкала:
– Я толькі хацела павітацца! Мы ж з Галчанём сваякі…
Пакуль Ліса залізвала раны, Заяц падсадзіў малое на галіну дрэва і весела гукнуў:
– Ну, калі вы сваякі, дык можаце пагаманіць, пакуль Галчаня будзе на дрэве!
Зразумела Ліса, што ёй тут не падсілкавацца, і кінулася прэч. А Галчаня сядзела на галіне і думала, што дабро сустракаецца ўсюды: і на зямлі, і пад зямлёй, а таму не трэба хваліцца сваім чацвёртым паверхам.
Расціслаў БЕНЗЯРУК