Пацалаваліся
Брацік і сястрычка ціха гулялі ў хаце. Раптам пачуўся плач.
– Мама! – паклікаў Федзя. – Ідзі сюды, Гэлька плача.
– Плача? Дачушка, ты чаго плачаш?
– Федзя дражніцца.
– Як дражніцца?
– Спявае пра мяне песеньку: “Ляцелі Гэлькі з чужой зямелькі…”
– Ну і што? Няхай спявае, калі яму так хочацца. Ты ж нікуды не лятала?
– Не. Але ён усё роўна дражніцца.
– Федзя, ты чаго дражнішся? Хочаш, каб я цябе супакоіла?
Замест адказу зноў пачуўся плач. На гэты раз заплакаў Федзя.
– Сынок, а ты чаго плачаш?
– Гэлька мне нос разбіла.
– Разбіла нос? І кроў ідзе?
– Ужо не ідзе, – супакоіла Гэлька і дадала: – Мама, я не разбівала Федзеў нос. Ён сам разбіўся.
– Федзя сам падставіў свой нос. Я толькі махнула рукой.
– Федзя, ты яшчэ будзеш падстаўляць свой нос?
– Не.
– А дражніцца будзеш?
– Не.
– Ну вось і добра. А зараз памірыцеся…
Брацік і сястрычка пацалаваліся і зноў пачалі спакойна гуляць.