Вершы Аляксандры Грыцкевiч
Среда, 23.03.2016 07:01. Рубрика: Вершы
Дзве мурашкі ранкам золкім
Удваіх нясуць іголку
Ад сасны, зусім сухую –
Дом-палац яны будуюць.
***
Тры казы ў бабулі з дзедам.
Дзед выходзіць – козы следам
Цераз луг ідуць да рэчкі,
Там лазоўнік і парэчкі.
Трошкі траўкі паскубуць,
Трошкі лісця абарвуць.
Там, дзе плытка, п’юць вадзічку,
Козы ведаюць крынічку.
Вечарам ідуць дадому,
Малако нясуць, вядома.
***
Расцвілі ў садочку кветкі.
Колькі іх – глядзіце, дзеткі:
Браткі, флёксы, васілёчкі –
Можна звіць іх у вяночкі.
Вось рамонкі, вось званочкі,
Ружы, цыніі, ірысы…
Як чаруюць іх абрысы…
Кветкі з лейкі паліваю,
Маме я дапамагаю.