Дрыжаць у шэрані бярозы
Понедельник, 7.03.2016 07:06. Рубрика: Вершы
Дрыжаць у шэрані бярозы,
Бялеюць снежныя палі.
Зімы вясёлкавая россып
Убрала срэбрам тапалі.
Трымціцца сонца на сувеях,
А гурбы снегу – да акон.
Пайду туды, дзе ветры веюць,
Імклівых дум рассыплю звон.
Але маўчыць прастор у снезе…
Каму ж я радасць панясу?
Улетку толькі на начлезе
Я запляту яе ў касу.
І я люблю вясну, завеі,
Бо мы жывём у добры час:
Вясною шчасце пунсавее,
Зімою – радасць на вачах.
Пятро ГЛЕБКА (6.07.1905 – 18.12.1969) – беларускі пісьменнік. Для дзяцей напісаў кнігі “Пад сцягам перамог”, “Прывітанне Радзіме”, “Вобразы роднай краіны” і іншыя.