Багіра
Вы, вядома, чулі гэтае імя. Пэўна, ведаеце черную пантэру, прыяцельку Маўглі.
Але цяпер гутарка будзе ісці хоць і пра дальнюю сваячку, але ўсё ж такі не пра пантэру, а пра кошку. Звычайную кошку, толькі, вядома, чорную І, мусіць, не менш разумную, як тая Багіра.
Трапіла яна да нас самым незвычайным чынам. Раз у марозны веснавы вечар, досыць позна, вярталіся мы з дачкой дахаты. Жылі тады на ўскраіне горада. Людзей хадзіла мала. Свяціў месяц, хрумсталі падмерзлыя лужыны.
I вось тут прычапілася да нас чорная кошка, жаласна мяўкае, трэцца каля ног. А як толькі мы спынімся, яна, азіраючыся, ідзе назад. Пойдзем мы далей — яна зноў даганяе нас, крычыць, блытаецца між ног, забягае наперад, нібы не пускае ісці ў той бок. Справа ясная: яна хоча, каб мы пайшлі за ёю кудысьці назад. Нічога не зробіш: калі яна так выразна і настойліва патрабуе — трэба ісці.
Як толькі мы зрабілі пару крокаў назад, яна ўзрадавалася, шпарка паскакала ў той бок і знікла. Што яна: жартуе з намі? Мы сталі. Тады кошка зноў з’явілася і зноў пачала мяўкаць і церціся. Мы зноў пайшлі за ёю — і зноў яна пабегла наперад, мяўкаючы здалёк.
Тым часам на бліжэйшым двары забрахаў сабака і кінуўся ў наш бок. Але тут раздаўся такі сык, так люта накінулася на яго кошка, што бедны сабака з жаласным скавытаннем паляцеў як мага далей. А кошка выбегла на тратуар і хуценька скруцілася на зямлі.
Калі мы падышлі бліжэй, то ўбачылі, што яна абкруцілася вакол кацяняці. Адкуль яно ўзялося? Мы толькі што ішлі па гэтым самым месцы — і нічога на тратуары не мелася. Значыцца, кацянё опечатку было недзе схаванае, мусіць, за плотам. Калі кошка ўбачыла нас, то парашыла звярнуцца за дапамогай, спыніла нас, прымусіла павярнуць назад, а сама тым часам вынесла на дарогу свае дзіця ды яшчэ паспела прагнаць сабаку. Разам з тым яна не забывалася, што кацянятка толькі што нарадзілася і не павінна было мерзнуць на холадзе… I вось кошка нават на тую хвілінку, пакуль мы падыходзілі, абкруцілася вакол свайго дзіцяці і сагравала яго. Можна было б пажадаць і кожнаму добраму чалавека столькі спрыту і энергіі.
— Ну што ж,— сказаў я,— нічога не зробіш, хадзем ужо да нас.
— Не хочацца толькі браць у рукі гэтае мокрае кацянё,— сказала дачка.
Але кошка і не збіралася прасіць нас аб гэтым. Яна сама ўзяла свае дзіця зубамі за карак і пайшла побач з намі. Так мы прыстойнай сямейкай і прыйшлі ў сваю хату.
У кухні пліта была яшчэ цёплая, і тут жа быў чалеснік рускай печкі. Кошка адразу знайшла сабе месца, дзе ёй будзе лепей за ўсё — у печцы, ля цёпленькай пліты.
— Ну і добра,— сказалі мы,— жыві сабе тут. Толькі, мусіць, павячэраць табе трэба даць.
Але не паспелі мы падрыхтаваць ёй вячэру, як яна выскачыла з печкі і пачала прасіцца за дзверы. Мы сталі ўгаворваць яе:
— Ды пачакай трохі. Куды ты?
Але яна і слухаць не хацела — усё крычала і драпала дзверы.
Тады мы сцямілі, што перашкаджаць ёй не трэба: яна, відаць, з прыстойнай сям’і, добра выхавана і хоча выйсці на двор на хвілінку.
Выпусцілі яе. Прайшло колькі хвілін, чуем — скрабецца яна ў дзверы. Адчынілі — і бачым: яна прынесла другое кацянё. I зараз жа з ім у тую самую печку.
Не скажу, каб мы былі надта ўжо рады, што сям’я наша так хутка павялічваецца, але кошку ўсё ж такі пахвалілі:
— Добрая маці. А дачка дадала:
— Маладзец, Багіра.
Тут мы ўсе заўважылі, што яна сапраўды нагадвае Багіру і аднагалосна зацвердзілі гэтае імя.
Дачка зноў хацела даць ёй вячэраць — і зноў Багіра стала прасіцца за дзверы. Ці не хоча яна яшчэ прынесці нам дзіця? Дзякуем за ласку.
Але што з ёю рабіць? Не пускаць за дзверы, ці што? Прыйшлося зноў выпусціць. А праз некалькі мінут яна санраўды прынесла трэцяе кацянё…
Такім чынам праз якія паўгадзіны сям’я наша адразу павялічылася на чатыры адзінкі. Сказаць, што мы былі рады,— ніяк нельга. Але да кошкі-маткі адчулі вялікую павагу. Якая яна была сур’ёзная, руплівая. Як ні павернецца, што ні зробіць — усё правільна, разумна, таксама як зрабіў бы кожны з нас. За ўвесь гэты час яна ніводнай мінуты не патраціла дарэмна і не зрабіла нічога лішняга, не сунула свой нос, куды ёй не трэба, не пацікавілася нічым, апрача сваей справы.
Мы гаворым, што ў жывёл не розум, як мы яго разумеем, а інстынкт, гэта значыць, прывычныя, але несвядомыя рухі і дзеянні, патрэбныя ім для жыцця. Пчала робіць сваю ячэйку, зусім не думаючы, што, як і дзеля чаго яна робіць. Мурашка цягне ў свой бок галінку, а яе зямляк падбяжыць дапамагаць і пачне цягнуць у другі бок — і яны абодва так і будуць тузацца, не ведаючы, што яны робяць.
Мы самі, калі дакранаемся рукой да агню, то зараз жа інстынктыўна торгаем руку назад, а потым ужо сваім розумам цямім, у чым тут справа. Усё гэта — праявы інстынкту. Няўжо ж і наша кошка затрымлівала на вуліцы людзей, прасіла іх вярнуцца і памагчы яе дзіцяняці, сачыла, каб дзіця не замерзла, памятала пра іншых сваіх дзяцей і прыносіла іх у хату, адным словам, развіла шырокую дзейнасць, зусім не разумеючы, што і дзеля чаго яна робіць. Не, хай сабе вучоныя людзі гавораць, што хочуць, а мы не згодны з гэтым. Наша кошка, відаць, зусім разумная асоба, і з ёю жыць можна будзе. Нездарма яна нагадвае Багіру, а тая, калі верыць Кіплінгу, магла разважаць лепш за якога-небудзь не надта разумнага чалавека.
Але на другі ж дзень выявілася, што наша Багіра, можа, наогул і вельмі разумная, у арыфметыцы ўсё ж крыху адстала. Дзеці, гуляючы на суседнім двары, знайшлі там мёртвае маленькае кацянё. Відаць, яно замерзла ў гэтую ноч. Не было ніякага сумнення, што гэтае кацянятка — родны брат трох нашых. Кошка, прынёсшы да нас першага, ведала, што там у яе яшчэ ёсць дзеці. Ведала яна гэта і пасля другога. А пасля трэцяга ўжо не ведала. Выходзіць, што яна ўмела лічыць толькі да трох. Але няхай сабе і так. Усё роўна не ў кожным доме знойдзеш кошку, якая ўмее табе лічыць да трох.
Такім чынам зажылі мы ўсе разам дружней сям’ёй. Наша Багіра карміла і песціла сваіх дзяцей, як лепей і быць не можа. I ў якой чысціні яна іх трымала! Лізала іх безупынна і ўсюды, не спыняючыся ні перад якім брудам. Затое ж і блішчалі яны ў яе, як цацкі. Ды яны для нас і сапраўды былі цацкамі.
Хто не ведае, якімі мілымі і пацешнымі бываюць малыя кацяняты! Асабліва калі разгуляюцца. Колькі смеху было нам, калі аднаго разу двое з іх пацалаваліся як мае быць: абнялі лапкамі адзін аднаго за шыю і тыцнуліся насамі. Не было такога чалавека, які мог бы прайсці міма іх, калі яны дурэюць. Затое іх маці трымала сябе аж занадта сур’ёзна: ні разу не скокнула, не пажартавала, нават ні разу не ўсміхнулася. Вельмі важная і разумная была Багіра. Як жа было яе не шанаваць!
А праз некаторы час яна паказала яшчэ, што мае і высакароднае сэрца. На наш двор аднекуль прыблудзіла чужое чорнае кацянё. Узросту яно было прыблізна такога, як і нашы, толькі надта брыдкае і няшчаснае: худое, аблезлае, пузатае, з хворымі вачыма і абарваным вухам. Дзеці яго гналі, штурхалі, а яно ледзь рухалася. Ішла раз міма яго Багіра: кацянё пасунулася было да яе, але кошка грэбліва ўхілілася ад яго. А праз дзень бачым — вядзе яго да нас у хату, корміць, ліжа.
Гэтага толькі не хапала. Поўная хата катоў, а тут яшчэ нейкага бруднага прымай. Але як было нам, добрым і разумным людзям, праганяць няшчаснае кацянё, калі нават жывёліна пашкадавала яго? Няўжо мы будзем горшымі за жывёлу? Тады нам сорамна будзе глянуць у вочы паважанай Багіры. Тады і яна і суседскія куры засмяюць нас. Ды і не мы будзем яго гадаваць. Хай сама Багіра і ставіць яго на ногі. Так яна і зрабіла.
Калі кацяняткі падраслі, мы сталі аддаваць іх у людзі. Цэлая чарга стварылася з нашых суседзяў па доме. Калі аддалі першую шэранькую кошачку ў кватэру сёмую, Багіра нібы не заўважыла яе адсутнасці. А вось калі аддалі другое кацянё, у кватэру чацвёртую, і ў нас засталося ўсяго два, тады маці адразу заўважыла, бо лічыць жа да трох умела. Крычыць, шукае па ўсіх кутках, не дае есці тым, што засталіся з ёю, імквецца за дзверы. Так, галосячы, і з хаты пайшла.
Вярнулася спакойная. Глянула гаспадарскім вокам у адзін куток, у другі, пакарміла дзяцей, памыла іх — і зноў пайшла. Ніякага гора, ніякага крыку. Мала таго — нават начаваць не прыйшла дадому. Што гэта з ёю? Можа, так пакрыўдзілася, што зусім пакіне нас?
Але на другі дзень яна прыйшла. I нават мышку прынесла. Пагасцявала трохі, дагледзела дзяцей — і зноў пайшла гуляць. Вось табе і паважаная Багіра. Трымае сябе, як немаведама хто… А калі праз колькі дзён мы аддалі яшчэ адно кацянё, у кватэру шестую, і ў нас засталося ўсяго адно, то наша Багіра аднеслася да гэтага так, нібы такая справа яе зусім і не датычылася. Толькі яшчэ радзей стала наведваць нас.
Што такое з ёю здарылася?
Але трэба сказаць праўду: дзіця яе ад гэтага ані трохі не цярпела. Усё ж такі некалькі разоў на дзень маці прыйдзе, накорміць, памые, нават паляжыць трохі з ім,— а потым зноў пойдзе.
Глядзім мы раз праз акно — нясе Багіра мышку свайму дзіцяці. Мы пайшлі адчыняць ёй дзверы, але яна… прайшла міма нас і панесла мышку ў кватэру шостую…
Дык вось у чым справа. Вось чаму наша Багіра не гаравала. Вось чаму яна дома не сядзела.
Яна даглядала сваіх дзяцей ва ўсіх кватэрах разам…
У кожнай кватэры лічылі, што кошка толькі і ведае, што іхняе кацянё: прыходзіць, корміць, мые, прыносіць мышэй, гуляе з дзіцем — нібы ў яе іншага клопату няма. А яна гэткім чынам працавала аж на чатыры кватэры. Вось чаму яна была такая заклапочаная, не траціла дарэмна часу, доўга не бавілася ў нашай хаце.
Щкава было яшчэ тое, што мышэй і пацукоў яна насіла па чарзе ва ўсе кватэры, нікога не крыўдзіла.
Аднаго разу было так: скрабецца яна ў нашы дзверы, просіцца; яе сынок пачуў і падбег ужо да дзвярэй. Адчынілі мы, глядзім — прынесла Багіра мышку, якую наш каток зараз жа і схапіў. Маці тады завярнулася і пайшла сабе назад: прынесла, аддала — навошта ёй і ў хату ісці? I без таго работы многа: і ў чацвёртай кватэры чакаюць, і ў сёмай, і ў шостай — хоць ты разарвіся.
Можа, хто захоча спытацца: якім чынам Багіра магла абслугоўваць чатыры кватэры, калі сама умела лічыць толькі да трох? Нялёгка, вядома, адказаць на такое запытанне зам ест Багіры, але думаем, што яна сваю хату не лічыла — вось тады і застанецца тры.
Як бы там ні было на самай справе, а мы лішні раз пераканаліся, што наша Багіра — найлепшая кошка ў свеце. Мы нават гатовы былі прасіць у яе прабачэння за тое, што падумалі, нібы яна сапсавалася і загуляла.
Нарэшце прыйшоў час, калі Багіра зусім пакінула ўсіх сваіх дзяцей і забылася на іх. Мы ахвотна аддалі людзям і апошняга катка, каб жыць толькі з адной іхняй маткай. Ды і хто не хацеў бы жыць з такой разумней асобай!
Але лутка ў нас з ёю пачаліся непаразуменні. Калі яна пазбавілася клопату аб дзецях і ёй больш не было чаго рабіць, яла пачала ўмешвацца ў нашы гаспадарчыя справы, ды так нахабна, што ніякай рады нельга было даць. Калі хоць трохі адвернешся, недаглядзіш — яна зараз жа нашкодзіць. Шчога ад яе не схаваеш — усюды дабярэцца. Калі збан малака накрыты сподкам — яна сподак скіне, калі завязаны — яна перакуліць. Калі буфет зачынены не зусіы шчыльна — яна сама я го адчыніць. А раз ухітрылася выцягнуць з закрытай каструлі мяса — і каструля засталася закрытай. А ноччу часам адбываліся такія выбухі ад скінутых рэчаў, што, здавалася, самалёты робяць бамбёжку.
Ужо ж як мы яе ўгаварвалі, саромілі, выхоўвалі дрэсіравалі — нічога не выйшла, ніяк не маглі з ёю дагаварыцца. Нічога яна не магла ці не хацела зразумець, хоць і ўмела лічыць да трох.
I цяпер мы шкадуем, што так яе расхвалілі на увесь свет.
Янка Маўр