Салдацікі збіраюцца на вайну
Ноч. Спяць цацкі. Цікаўна пазірае ў вокны вулічны ліхтар: што там дзеецца ў музеі. На дыбачках ходзяць па пакоях сны. І раптам!
– Уставай! Уставай! – заспявалі горны, загрымелі барабаны.
Аёечкі! Салдацікі сабраліся на вайну! Што праўда, самі салдацікі ахвотней бы паспалі, але ўдзень іх генерал начытаўся ў часопісе пра музейных лялек-марыянетак, абразіўся і зараз страшна крычыць.
– Салдацікі не горшыя! Прадстаўнікі нашага роду таксама былі ў Старажытным Егіпце, ім больш за 2000 гадоў! І ў Старажытнай Грэцыі мы былі, і ў Старажытным Рыме! – крычыць усерджаны генерал.
– А найстарэйшая фігурка салдацікаў захоўваецца ў Нацыянальным брытанскім музеі, ёй за 3000 гадоў! – падтакваюць генералу афіцэры.
– У Сярэднявеччы з дапамогай салдацікаў навучалі дзяцей з высакародных сем’яў мастацтву бою! – працягвае генерал. – З каменя, дрэва і бронзы паўставалі цэлыя войскі! А ў сына французскага імператара Напаленона быў набор у 120 салдацікаў з золата вышэйшай пробы!
– А пра салдаціка з волава нават напісаў казку славуты Андэрсэн, – сказаў маладзенькі афіцэр, але на яго зашыкалі. Салдацік з волава быў без адной нагі, якую згубіў у баях. Нельга такія гісторыі згадваць перад наступленнем!
Генерал так крычыць, што радавым салдацікам нічога не застаецца, як выправіцца ўслед за сваім начальнікам на вайну. Пехацінцы пахапалі ружжы, танкісты паселі ў танкі, кавалерысты асядлалі коней… А тут абудзіліся індзейцы, каўбоі, піраты! Зараз усё пойдзе ў ход: і ласо, і тамагаўкі, і пірацкія гарматы!
Насупраць усерджаных ваякаў стаялі папяровыя і вязаныя лялькі. Што пасля вайны зробіцца з іх шыкоўнымі ўборамі? Хто ведае, што б тут адбылося, каб не бравы салдат Швейк.
– Марш па дамах! – усерджана тупнуў ён нагой.
І генерал мусіў падпарадкавацца. Вядомая справа – якімі б ваяўнічымі ні былі салдацікі, а росту ў іх – 2,5 – 6 сантыметраў! А салдат Швейк належаў да сям’і марыянетак і быў проціў іх – аграмадзіна.
– Напішуць і пра вас, толькі майце цярпенне! – паабяцаў салдат Швейк генералу. Ён супакоіўся і загадаў салдаікам ісці спаць.
Папяровыя і вязаныя лялькі захоплена глядзелі на салдата Швейка – ён быў іх героем. Шчаслівым – хоць на пачуваўся і вулічны ліхтар. Столькі ўбачыўшы за адну ноч, ён мог спакойна адпачываць цэлы дзень!
Алена Масла