Жывая класіка
Вторник, 21.07.2015 07:09. Рубрика: Вершы
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.
Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй – пад колер сталі –
праменне яснае люблю…
Варожасць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расце.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
Уладзімір ДУБОЎКА
Уладзімір ДУБОЎКА (15.7.1900 – 20.3.1976) – беларускі паэт, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы. Для дзяцей напісаў кнігі “Цудоўная знаходка”, “Кветкі – сонцавы дзеткі”, “Залатыя зярняты”, “Дзівосныя прыгоды” і іншыя. У гэтым месяцы споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння паэта.










