Кантрабас
Маленькая сімфонія
Вельмі даўно ў невялічкім сонечным горадзе з вузкімі брукаванымі вуліцамі ды з малюсенькімі рознакаляровымі дамкамі, што прыціснуліся адзін да аднаго, жыў сарамлівы хлопец Джузэпэ, які вельмі любіў музыку. Хоць яму было пятнаццаць гадоў, ён меў высокі рост і дужыя плечы. Хлопец быў вельмі таленавіты музыка і граў на віёле (гэта старажытны струнны музычны інструмент). Неяк ноччу, калі Джузэпэ іграў, зайздрослівы вядзьмар Вінцэнза праходзіў каля яго дома і, пачуўшы з расчыненага акна музыку, таксама захацеў так прыгожа іграць. Ён думаў, што віёла зачараваная на цудоўнае гучанне, таму забраў яе ў хлопца. Але ў руках Вінцэнза інструмент не выдаў ні гуку. Ад злосці вядзьмар ператварыў хлопца ў новы, нікому незнаёмы інструмент.
Толькі праз некалькі гадоў у цёмным закінутым доме цікаўны хлопчык знайшоў гэты інструмент, які быў ростам з мужчыну. Да таго ж, ён меў велізарны корпус, які нагадваў дужыя, але нібы апушчаныя ад сарамлівасці плечы, галаву, невялікі шпіль і чатыры струны, як у віяланчэлі. Хлопчык выцер з інструмента пыл, падцягнуў струны, прынёс смык і пачаў іграць. Стары дом напоўніўся аксамітным басам, быццам мужчына заспяваў оперную арыю. Таму і назваў хлопчык інструмент кантрабасам.
З цягам часу кантрабас увайшоў у сімфанічны аркестр і стаў старэйшым братам скрыпкі, альта і віяланчэлі.
Вальжына ПРОХАРАВА