Вецер і Сняжынка
Свавольнік Вецер аднойчы засумаваў і крыкнуў:
– Эй, хто хоча са мной сябраваць?!
– Я хачу, ‑ пачуўся ціхі голас…
– Хто ты? Я не бачу цябе.
– Гэта я, Сняжынка. Давай разам палятаем.
– Малайчына! Добра прыдумала, – пахваліў Сняжынку Вецер. – У нас атрымаецца захапляючае падарожжа, бо мы будзем удваіх.
І яны паляцелі. Не прыкмецілі, як пачало змяркацца.
– Ой, што гэта? – усклікнула Сняжынка і ад хвалявання ледзь не звалілася з далоні Ветра. – Як прыгожа!
– Гэта загарэліся агні Вялікага горада, – адказаў Вецер. – Ды ты не бойся, не растанеш. Электрычныя агні сядзяць у шкляных лямпачках.
Вецер са Сняжынкай апусціліся на алею парка. Там было светла, як днём. Вецер уладкаваўся ў кустах, а Сняжынкапрымасцілася на мяккай снежнай пярыне. І тут на алею высыпала чародка дзяцей. З вясёлым смехам яны зляпілі прыгожага снегавіка і пабеглі далей. Стала ціха.
– Сняжынка, дзе ты? – занепакоіўся Вецер.
– Я тут, – ціха, нібы з-пад зямлі, адказала Сняжынка. – Дзеці схавалі мяне ў снегавіка. І я не магу адсюль вылезці.
– Пачакай! – супакоіў Вецер. – Я дапамагу.
Ён доўга дзьмуў на снегавіка. Але разваліць яго не хапіла сілы. І тут ён пачуў:
– Чык-чырык! Чык-чырык!
Вецер узрадаваўся:
– Вераб’і, дапамажыце, калі ласка, вызваліць Сняжынку з палону.
– Чык-чырык! Дапаможам!
Вераб’і пачалі дзяўбці снегавіка, і неўзабаве ён рассыпаўся. Сняжынка зноў узляцела на далонь Ветра. І яны працягвалі сваё падарожжа. Праз нейкі час апусціліся на заснежаную вяршыню высокай гары. Паглядзелі ўніз, а там лугі зелянеюць, сады цвітуць. Паляцелі туды. Сняжынка села на кветку яблыні і адразу ж ператварылася ў расінку. Вецер хацеў узяць яе з сабой, каб аднесці на Поўнач, але не ўтрымаў. Сняжынка-расінка ўпала ў ручаёк і паплыла ў рэчку. А рэчка панесла яе ў мора.
Засумаваў Вецер, схаваўся ў лясным гушчары і доўга думаў, як зноў сустрэцца са Сняжынкай.
– Не бядуй, братка Вецер, – суцешыў яго Салавей, які спяваў побач. – Твая сяброўка на Поўначы падымецца ў неба, на воблачка, з яго пасыплюцца прыгожыя сняжынкі. Сярод іх будзе і твая Сняжынка.
Узрадаваўся Вецер, падзякаваў Салаўю і паляцеў да мора, каб там сустрэцца са Сняжынкай і адправіцца з ёй у новае падарожжа.
Тамара Несцяровіч