Багач
Было гэта шмат стагоддзяў таму. Аднойчы позняй восенню ў адной небагатай вёсцы малады хлопец Алесь сказаў свайму бацьку:
– Татачка, адпусці мяне ў свет белы. Хачу паглядзець, як людзі жывуць за сінім морам ды за цёмным борам. Штогод мы вельмі бедны ўраджай з палеткаў збіраем. Цяжка табе ўсіх малых дзяцей пракарміць. А я вырас, дык хачу па свеце шчасце сваё пашукаць.
Як ні шкада было старэйшага сына бацьку, але адпусціў ён Алеся ў свет белы з думкай, што, можа, і праўда дзесьці знойдзе ён сваё шчасце. І пайшоў Алесь за сіняе мора, за цёмны бор. Студзілі яго халодныя восеньскія дажджы. З ног збівалі зімовыя завеі. А ён усё ішоў і ішоў ад вёскі да вёскі, ад мястэчка да мястэчка. Добрыя людзі пускалі яго на начлег і шмат дзе ў тых хатах бядота жыла. “Відаць, не знайду я і ў белым свеце свайго шчасця, – неаднойчы думаў Алесь, – трэба назад да бацькоў вяртацца”. Але вось незаўважна павяснела. Падзьмулі цёплыя ветры. Сонца павярнулася сваім гарачым бачком да зямлі. І апынуўся тым часам Алесь у адной надзіва багатай вёсцы. Пастукаўся хлопец у адну з хат, прывітаўся і звярнуўся да гаспадара:
– Мілы чалавек, бачу, ты вельмі заможны. І ўжо да веснавых работ рыхтуешся. Відаць, хутка збажыну сеяць пачнеш. Дык вазьмі мяне за работніка, рукі ў мяне дужыя, добрым памочнікам у тваёй вялікай гаспадарцы буду.
Паглядзеў гаспадар на Алеся, спадабаўся ён яму сваёй шчырасцю ды ветлівасцю і пакінуў яго за работніка. І ўсю вясну, а потым і лета добра працаваў Алесь. І ўсё дзівіўся, як рупліва і няўтомна завіхаюцца на сваіх палетках людзі той вёскі. А калі настала восень, такім багатым ураджаем адарылі палеткі кожны двор, што заставалася толькі радавацца і цешыцца. Радасным быў і гаспадар, у якога працаваў Алесь, і вельмі шчодра заплаціў яму за працу. Тут хлопец і пачаў збірацца ў адваротны шлях, каб хутчэй парадаваць заробкам сваіх бацькоў. Але гаспадар супыніў яго:
– Ты дадому паспееш вярнуцца, пажыві ў нас яшчэ некалькі дзён, Багача адсвяткуй разам з намі.
– Багача? – перапытаў Алесь і тут жа пацікавіўся: – А што ж гэта за свята такое? Там, адкуль я прыйшоў, ніякага Багача не святкуюць.
– А гэта – кепска, – адказаў гаспадар. – Цяпер мне зразумела, чаму ты з дому ў свет белы пайшоў. Багач дае багацце і шчасце. Уважыш яго, дык і ён уважыць цябе. Забяспечыць у новым годзе багатым ураджаем.
– А як жа вы гэтага Багача святкуеце? – зноў запытаўся Алесь.
– Заставайся да дваццаць першага верасня і на свае вочы ўсё пабачыш, – сказаў гаспадар.
Алесь застаўся. І, калі нарэшце настаў Багач, гаспадар выйшаў за вароты з вялікай сявенькай, у якую ўсе людзі з той вёскі пачалі зносіць па жменьцы зерня, вымалачанага з першага зажыначнага снапа. Потым у тое зерне паставілі свечку, запалілі яе і пачалі абыходзіць з гэтай сявенькай кожны двор. Ну а потым, пасля абыходу, у самай прасторнай хаце паставілі багача, каб тая сявенька стаяла да наступнага жніва, за што гаспадар хаты зладзіў святочны пачастунак.
І адразу ж на наступны дзень заспяшаўся Алесь дадому. Вельмі ж хацелася яму па вяртанні расказаць бацькам, ды і ўсім жыхарам сваёй роднай вёскі, што трэба зрабіць пасля жніва, каб палеткі заўжды былі ўраджайнымі. З таго часу і жыве на нашай зямлі Багач – земляробчае свята, якое дзе-нідзе яшчэ называюць Багатнікам ці Багатухай.
Раіса Баравікова