Вясёлая спартакіяда
Санька марыць быць кумірам,
з лыжамі сябруе, з цірам.
Кажа ён, што хопіць волі
лепшым стаць у біятлоне.
Хакеісты
На Дзень народзінаў Андрушку
падарыў дзядуля клюшку,
і прамовіў урачыста:
– Будзь, унучак, хакеістам!
Атлеты
– Мама, мама, мы – атлеты!
Косцік з’еў аж тры катлеты.
А я Косцю перамог,
з’еў катлетак, колькі змог.
Футбаліст
Мяч не трапіць у вароты,
будзе хоць якім удар!
Коля зловіць яго з лёту,
ён выдатны варатар!
Бегуны
Гоман і вясёлы смех –
на дыстанцыю забег!
Пеця ж сеў пры гаражы,
Шарык за яго бяжыць!
Гімнастка
На бервяне сядзіць Агатка:
– Гляньце, гляньце, я – гімнастка!
Толькі не магу ніяк,
як мама, сесці на шпагат.
Спартыўная сям’я
Тата – першы на байдарцы,
мама – чараўніца ў танцы.
Іхняя дачушка Ева
у басейне – каралева!
Штангіст
– Я штангістам стану змалку, –
кажа тату хлопчык Янка. –
Буду прысядаць да ўпаду,
бо люблю спартакіяду.
І гаворыць тата Янку:
– Ты ж узяць забыўся штангу!
Лыжнік
У спаборніцтвах не лішні –
наш Мікітка спраўны лыжнік!
Не схацеў ісці ён пехам
і на лыжах з горкі з’ехаў!
Веласіпедыст
Злазіць з ровара Валерка,
дзед дае яму цукерку:
– Добра ціснуў на педаль,
заслужыў сёння медаль!
Тэнісістка
Дражніць Глеб сястрычку Светку:
– Не ўтрымаеш ты ракетку!
Адстаўляе Света міску:
– Я даўно ўжо тэнісістка!
З самай рэзкае падачы
падхаплю любы я мячык!
Баскетбаліст
Вадзічак, на дзіва, рослы.
Усе дзівуюцца наўкол.
Ён жа просіць у дарослых:
– Запішыце ў баскетбол!
Фігурыстка
Трохгадовая Ларыска
быць схацела фігурысткай,
ды замерзла навылёт
і сказала: “Кепскі лёд!”
Фізкультурнік
Хваліцца бабуля Таня:
– Вой, які харошы Ваня!
Есць сасіскі і аладкі
пасля добрай фіззарадкі.
Буся і спорт
Тата Бусел клопат мае:
штосьці на лужку шукае.
Просіць, стомлены, цялушку:
– Памажы знайсці мне клюшку!
У хакейны клуб, баюся,
без яе не трапіць Буся!
Вершы Раісы БАРАВІКОВАЙ.