Вавёрачка-ўмеліца
У старым дрымучым лесе жыла маленькая вавёрачка. Жыла зусім адна.
Дрэнна было ёй без бацькоў, але што зробіш. Сама даглядала дупло, сама здабывала грыбы і ягады. Навучылася вавёрка рабіць усё-ўсё вельмі добра, і таму сталі яе называць вавёрачка-ўмеліца.
Было ў вавёркі тры сябры, якія ёй дапамагалі, – сава, заяц і вожык. Сава знайшла вавёрцы новае дупло для хаткі. А яшчэ глядзела зверху, дзе на кустах больш ягад, і паказвала шлях да іх. Заяц і вожык, калі знаходзілі грыбное месца, клікалі рудую сяброўку, дапамагалі ёй збіраць грыбы і несці іх да хаты.
Так і жыла маленькая вавёрачка ў справах і клопатах. Але аднойчы яна ўспомніла, што ў яе неўзабаве будзе дзень нараджэння, і падумала, што трэба ладзіць свята.
Вавёрачка запрасіла да сябе ў госці сяброў. Сава адразу згадзілася. Што ёй, саве, падляцець у госці. А вось заяц і вожык задумаліся.
– Ведаеш, вожыкі яшчэ па дрэвах не лазілі, – сумна мовіў вожык.
– І зайцы таксама не навучыліся, – падтрымаў заяц.
– Нічога, я што-небудзь прыдумаю, – засмяялася вавёрачка. – Вы прыходзьце праз два дні ўвечары да майго дрэва.
Пайшлі сябры дадому. Раптам вожык спытаў:
– А ты ведаеш, што на свята робяць падарункі?
– Так-так, – адгукнуўся заяц. – А што мы падорым вавёрачцы?
Вожык падвёў зайца да звычайнага пня.
– Паглядзі ўважліва: зверху і з бакоў пень як пень, а ў сярэдзіне – пусты. Вычысцім яго, прымацуем дзверцы, зробім вавёрачцы павець. Добрае месца: побач з яе домам. Замаскіруем так, каб ніхто не здагадаўся, што перад ім – незвычайны пень.
Цэлы дзень працавалі сябры і зрабілі ўсё, як надумалі. Увечары падышлі да вавёрчынага дрэва толькі з адной думкай: як жа яны трапяць у яе дом?
А вавёрачка-ўмеліца ўзяла доўгую вяроўку, да аднаго канца яе прывязала дошку так, каб атрымаўся зэдлічак. Другі канец перакінула праз галіну дрэва.
– Сядай, вожык! – закрычала яна зверху. – А мы з савой цябе падымем!
Паглядзеў вожык з сумненнем на такі механізм, але перасіліў страх, сеў на зэдлік і ўжо праз хвіліну быў наверсе побач з вавёрачкай і савой. А потым яны ўтраіх уцягнулі і зайца.
Вожык і заяц аддалі вавёрачцы ключ ад новай пабудовы. Потым пілі гарбату з мёдам і варэннем, спявалі, скакалі і вавёрку віншавалі.
Алег Мельнікаў