Сонца-абаронца
Четверг, 13.03.2014 08:51. Рубрика: Вершы
Ціха цені
Для страхоцця
Нашы сені
Пераходзяць.
Цень-Гарэлік
Закарэлы
Сеў на зэдлік,
Точыць стрэлы.
Хай не страшыць
Пень кашлаты,
Бо на стражы
Шчыт і латы.
Мы мячамі
Ў пераходзе
Пазначаем:
“Ценям – годзе!”
І нарэшце да жаронцаў
Выйшла Сонца-абаронца.
Кажа:
– Дзеткі!
Я вас грэю.
Яне – кветкі,
Мяч – Андрэю…
Клічам Сонца ў нашу раць –
Промні шчасця зберагаць,
Радавацца кожны дзень.
– Ну а ты, цень, –
На пляцень!
Цмок і буська
Павітаўся са мной Цмок
І мяне у шчочку – цмок…
Цмок, чытаў я, страшны, злы
І не варты пахвалы.
А на справе – ўсё прасцей:
Цмок зычлівы да дзяцей.
Служба Цмока – дагадзіць,
Цмокам за дабро плаціць.
Ну і я не збег далёка:
Буську даў за ласку Цмоку.
Сяргей ПАНІЗНІК