Рыжае сонца
Вторник, 11.06.2013 10:25. Рубрика: Вершы
Рыжая казка
Аднойчы з’явілася ў сне
Рыжай Алёнцы.
Рыжаю кошкай
Заснула на рыжым акне
Рыжае сонца.
Дзе ты, Алёнка?
Пабачыў і я ў сваім сне:
Дзесьці далёка
Рыжая кошка
Са здымка глядзіць на мяне
Сонечнавока.
Дрэўца
Маленечкае дрэўца-немаўлятка,
Як птушаня пужлівае, яно
Хістаецца і хіліцца да маткі
А ў маткі той дзіцятка не адно,
Іх тут навокал цэлая чародка
Даверлівых зялёных немаўлят.
Ім холадна ад ветру, ім дрыготка,
Ім так патрэбны сонечны пагляд.
Мікола ШАБОВІЧ