Памяці Эдзі Агняцвет
Эдзі Сямёнаўна Агняцвет назаўжды ў маім сэрцы, у маёй памяці. А памяць – гэта тое золата, якое знітоўвае людзей, іх лёсы, злучае паміж сабой цэлыя пакаленні і стагоддзі.
Веру, знакамітая паэтэса ў памяці і тых дзяцей, якія некалі чыталі і вучылі на памяць яе вершы і цяпер сталі дарослымі, бацькамі сваіх сем’яў. Доўгі час Эдзі Агняцвет была членам рэдкалегіі “Вясёлкі”, многія яе творы друкаваліся на старонках часопіса. Прапануем нашым чытачам падборку вершаў Эдзі Сямёнаўны. А калі вам захочацца глыбей пазнаць творчасць слыннай паэтэсы, то пашукайце ў бібліятэках яе кнігі “Міхасёк”, “Доктар Смех”, “Ад зярнятка да вясёлкі”, “Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя”, “Хай часцей смяюцца дзеці”. Ведайце, за кніжку “На двары алімпіяда” Міжнароднае журы па дзіцячай літаратуры прысудзіла Эдзі Сямёнаўне ганаровы Дыплом Ханса Крысціяна Андэрсена. Імя паэтэсы занесена ў Ганаровую кнігу вялікага дацкага казачніка.
Паэтэса хацела, каб усе дзеці раслі здаровымі, шчаслівымі, працавітымі, дружнымі. Каб заўсёды з вамі былі шчырасць, дабрыня, праўдзівасць, адвага, дапытлівасць. Давайце пра гэта згадаем у стагадовы юбілей незабыўнай Эдзі Сямёнаўны Агняцвет. І будзем помніць яе.
Уладзімір ЛІПСКІ