Бібліятэка “Вясёлкі”
Дарагія сябры! Часопіс “Вясёлка” за гады сваёй творчасці выпусціў 680 нумароў. У часопісе друкаваліся найлепшыя вершы, казкі, апавяданні, загадкі, скорагаворкі, забаўлянкі, песні беларускіх аўтараў. Вось і вырашыла рэдакцыя выдаць усё гэта літаратурнае багацце асобнымі кнігамі. Нашу ідэю горача падтрымала выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”. Так і ўзнік новы праект – серыя кніг «Бібліятэка часопіса “Вясёлка”». Яе заснавальнікамі сталі галоўны рэдактар часопіса Уладзімір Ліпскі і дырэктар выдавецтва Мікалай Супрановіч.
Першая кніга ў серыі «Бібліятэка часопіса “Вясёлка”» ўжо выйшла! Ёй стаў зборнік вершаў цудоўнай паэтэсы Эдзі Агняцвет “У свеце дабрыні”. Кніга якраз паспела да стагадовага юбілею Эдзі Сямёнаўны. А прэзентацыя кнігі прайшла ў Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі і ў музеі Якуба Коласа. Зборнік вершаў і новую серыю прадставілі Уладзімір Ліпскі і Мікалай Супрановіч, цёплыя словы пра Эдзі Агняцвет і яе творчасць выказалі пісьменнікі Раіса Бравікова, Анатоль Зэкаў, Ніна Галіноўская, Мікола Чарняўскі. Ганаровымі гасцямі былі пляменнік Эдзі Сямёнаўны Бахціяр Бахціяраў і слынны кампазітар, народны артыст СССР Ігар Лучанок.
Зборнік вершаў Эдзі Агняцвет “У свеце дабрыні” – толькі першая ластаўка. Ужо рыхтуюцца да друку і іншыя кнігі – “Кот без турбот” (зборнік вершаў, казак і апавяданняў пра ката), маляванкі “Птушкі-весялушкі” і “Матылёчкі-матылькі”… Усё самае цікавае, што было надрукавана ў “Вясёлцы” неўзабаве можна будзе знайсці ў кнігарнях!
Збярыце сваю бібліятэку “Вясёлкі”.
Вася ВЯСЁЛКІН