Крышку пра кніжку
Кожны горад, мястэчка і нават маленькая вёска – гэта цэлы свет са сваёй гісторыяй, адметнымі традыцыямі і культурнымі здабыткамі. У гэтым пераконваешся, калі чытаеш новую кнігу вядомага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага “Гомельская зямля – Радзіма твая і мая.
Кніга гэтая незвычайная. Яна ўяўляе сабой мастацкі падручнік па радзімазнаўстве, і вельмі цікавую чытанку для школьнікаў. Зрэшты, дзякуючы ёй шмат новага могуць адкрыць для сябе і дарослыя. “Загадкі гісторыі трэба хацець і ўмець разгадваць. І тады мы яшчэ болей пазнаем, палюбім нашу мілую Беларусь,” – зазначае Уладзімір Ліпскі. У кнізе пра Гомельшчыну аўтар раскрывае не адну таямніцу роднай зямлі. Тут і тлумачэнне гербаў раённых цэнтраў, і апісанне найбольш пашыраных у кожным раёне прозвішчаў, і гістарычныя звесткі пра гарады і вёскі, былі і легенды, шчымлівыя аповеды пра вайну…
З кнігі “Гомельская зямля – Радзіма твая і мая” вы даведаецеся, у якім раёне Гомельшчыны самыя загадкавыя і ласкавыя прозвішчы, дзе знаходзіцца сасна-помнік, а дзе – цар-дуб, што азначаюць словы “агнісцік”, “вáўка”, “набожнік” і чым адрозніваюцца “пячонікі” ад “салонікаў”, якія сем цудаў ёсць у Шоўкавічах – маленькай вёсцы, якую цяжка адшукаць нават на самай вялікай карце…
Шмат цікавага захоўвае для сваіх чытачоў кніга Уладзіміра Ліпскага. Пасля кожнага раздзела прыводзяцца “дамашнія заданні” – пытанні і займальныя рэбусы, якія дапамогуць пашырыць веды чытачоў, прычым не толькі па гісторыі, але і па геаграфіі, мастацтвазнаўстве, літаратуры… Вы даведаецеся цікавыя факты з жыцця пісьменнікаў, якія паходзяць з Гомельшчыны, а такіх пісьменнікаў сапраўды нямала: Іван Шамякін, Іван Навуменка, Сцяпан Лаўшук, Анатоль Грачанікаў, Андрэй Макаёнак, Мікола Мятліцкі, Мікола Чарняўскі, Анатоль Зэкаў, Анатоль Сыс… Ды і сам Уладзімір Ліпскі нарадзіўся ў Рэчыцкім раёне. Таму і не дзіва, што кніга напісаная з такой цеплынёй і любоўю.
Кніга надзвычай прыгожа аформлена мастаком Віталем Дударэнкам, малюнкі вельмі яркія, жывыя.
Безумоўна, “Гомельская зямля – Радзіма твая і мая” – сапраўдны падарунак для дзяцей Гомельшчыны, але выданне будзе цікавым для ўсіх беларусаў, неабыякавых да роднага краю.
Кніга выйшла ў “Выдавецкім доме “Звязда” і працягам серыі, якую распачала кніга Уладзіміра Ліпскага пра Гродзеншчыну “Вясёлка над Нёманам”, выдадзеная ў 2011 годзе. Застаецца спадзявацца, што з часам і астатнія вобласці Беларусі дачакаюцца падобнага падарунка ад пісьменнікаў.
Святлана БОГУШ