Ніна Галіноўская. Вершы
Твая праўда, Невідзімка
Вам расказваю свой сон:
На ўскрайку лесу – стадыён.
Навакол гаворка аб футболе.
Звяры спяшаюцца на поле.
Каля варот – варатары.
Суддзя-мядзведзь загаварыў:
– Вось-вось спаборніцтва пачнецца.
Займіце кожны сваё месца.
Свісток – і мяч пайшоў у ход.
Удар! – і мяч каля варот.
Ды воўк – выдатны варатар,
Адбіў яго: “Пра гол не мар!..”
І я ўключаюся ў гульню.
Вось зараз мячык даганю…
Тут стадыён раптоўна знік.
– Я Невідзімка-чараўнік, –
Пачуў я голас сіплаваты. –
Гуляць, Андрэйка, ранавата.
Ты хлопчык незагартаваны,
Да матча непадрыхтаваны.
Жывеш са спортам не ў ладах…
Прачнуўся. Думаю?
– О жах!
Я сапраўды і ёсць такі.
Мне трэба лыжы і канькі,
Футбольны мяч, гантэлькі, санкі.
І – меней часу на гулянкі.
Займацца спортам аж да поту,
Гнаць прэч спакусніцу-ляноту.
Журка-журавель
– Журка-журка, журавель,
Абляцеў ты шмат зямель.
Бачыў многія краіны,
Бачыў розныя расліны.
Захапіўся прыгажосцю,
Але быў усюды госцем.
І вясною зноў і зноў
Ты вяртаешся дамоў.
– Дзе б ні быў, ні лётаў я –
Мне радней мая зямля.
Запрашаем на кірмаш
Запрашаем на кірмаш.
Ладны восеньскі багаж:
Выбар ёсць для ўсіх па густу –
Бульба, яблыкі, капуста,
Памідоры, агуркі,
Морква, грушы, буракі,
Мёд, цыбуля, шашлыкі…
Музыка ва ўсе бакі:
Тут музычныя калонкі
“Выпускаюць” песень столькі!..
Ёсць настрой у гандлі, лад.
Пакажыце, хто не рад,
Што пабыў на кірмашы?
Ні адной такой душы.
Што патрэбна вам, купляйце,
На здароўе спажывайце.