Дрэсіраваныя сланы
«Дрэсіраваныя сланы» – адзін з найцікавейшых нумароў у новай праграме Беларускага дзяржаўнага цырка. Займальны атракцыён прывёз Крысціян Гертнер з Германіі. Дарэчы, сланы прыехалі ў Мінск раней за гаспадара. Яны – жывёлы кемлівыя і тэмпераментныя, аднак навучыць іх выступаць на арэне вельмі няпроста, бо ў іх, як і ў людзей, існуюць свае сімпатыі. У атракцыёне спадара Гертнера чатырохногія артысты дэманструюць неверагодныя здольнасці і артыстызм, гармонію і паразуменне са сваім дрэсіроўшчыкам.
У індыйскіх дрэсіраваных сланоў вушы драбнейшыя, чым у афрыканскіх, лоб пукаты, а на канцы хобата толькі адзін «палец». На задніх нагах па 4 пальцы са своеасаблівымі пазногцямі, на пярэдніх – па 5. Дарослы трохметровы слон важыць тры з паловай тоны. Бываюць сланы, вага якіх дасягае шасці тон. Як вы думаеце, чым харчуюцца гэтыя “малюпахі”?
Дрэсіроўшчыкі сланоў прывезлі яшчэ некалькі нумароў, якія паспяхова выконваюць. Запамінальны атракцыён “Кола смеласці”. Галоўныя ўмовы нумара – сінхроннасць і асцярожнасць пры выкананні складаных трукаў у цыліндрах, якія пастаянна круцяцца. Вельмі цікавы нумар «Ролікі» Крысціяна Гертнера і Мэйлі Монні.
У праграму «Сланы ў Мінскім цырку» ўваходзяць дзевяць нумароў з замежнымі артыстамі. Акрабатычны нумар «Руская палка» пад кіраўніцтвам Міхаіла Канакова выконваюць артысты Маскоўскага цырка Юрыя Нікуліна. Неверагодна складаны нумар, які спалучае ў сабе элементы цыркавога майстэрства і спартыўнай гімнастыкі. Здаецца, што палка, на якой так лёгка скачуць артысты, гумавая, а не драўляная.
«Паветранае танга» грацыёзна выконвае Анастасія Макеева. З заміраннем сэрца можна назіраць за акрабатычным паветраным танцам, непаўторнымі трукамі пад купалам цырка!
Запамінальны і нумар «Экзотыка» Штэфана Плешаяну, дзе задзейнічана максімальная колькасць жывёл. Сярод іх вярблюды, ламы, зебры, поні, вослік… Экстрымальная дзея «Арбалет» ад італьянскага сямейнага дуэта Джастэрс. Толькі ўявіце: штораз муж кідае нажы і страляе з арбалета ў сваю жонку. Прыклад раўнавагі ў нумары «Лесвіца» паказвае Стэйсі Гірыбальдзі. Зачароўваюць «Хула-хупы» Алесі Гулевіч. Падтрымлівае вясёлы настрой клоўн Гуэрэра Гарсія Маркус з Іспаніі.
Радуюць наведвальнікаў цырка акрабаты на высокім канаце Аўра Кардынале, Вернер Гуэрэра, Джэйсан Калонья і Энжы Паола з ЗША. Артысты двойчы атрымлівалі «Срэбнага клоўна» на фестывалі ў Монтэ-Карла. Яны прадстаўляюць 6-е пакаленне артыстаў на высокім канаце. Штораз іх нумар успрымаецца па-новаму. Напрыканцы праграмы спадарыня Аўра Кардынале выконвае песню на беларускай мове «Мой родны кут»!
Спяшайцеся дакрануцца да цудоўнага свету цырка!
Анастасія РАДЗІКЕВІЧ