Красавік
Вторник, 30.04.2013 11:29. Рубрика: Вершы
Красавік ішоў сялом,
Грэў прасторы ласкаю.
Як махнуў ён рукавом –
Вылецелі ластаўкі.
Беражком ступаў сухім,
Па ярах караскаўся.
Рукавом махнуў другім –
Луг смяецца краскамі.
Закасаўшы рукавы,
Неба ўзняў вясёлкамі.
Рады пушчы, паплавы
Месяцу вясёламу.
Рыгор БАРАДУЛІН
Рыгор БАРАДУЛІН (нарадзіўся 24.02.1935) – Народны паэт Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Аўтар кніг для дзяцей “Ай! Не буду! Не хачу!”, “Што было б тады, калі б?”, “Ці пазяхае бегемот?”, “Індыкала-кудыкала”, “Кобра ў торбе” і інш.