13. Дабрадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
13. ЮНІ-ЮНІ І ВАСЯ ВЯСЁЛКІН У РОЗДУМЕ
У першыя ж дні новага года сустрэліся Юні-Юні і Вася Вясёлкін, каб абмеркаваць трывожныя весткі. Апроч таго, што на святочным карагодзе вясёлкавых сяброў пабываў нейкі злыдзень, дык ён ці яго памагатыя нарабілі бяды і ў іншых мясцінах.
У апёкавы цэнтр бальніцы хуткай дапамогі патрапілі адразу тры хлопчыкі. Яны былі ў натоўпе тых, хто гуляў каля ёлкі на гарадской плошчы. І раптам нехта пусціў на іх палаючыя петарды. Напалоханых, у апёках хлапчукоў падабрала “хуткая дапамога”. А міліцыя, на жаль, не змагла “падабраць” хуліганаў.
У траўматалагічную бальніцу даставілі і дзвюх дзяўчынак. Яны, здаецца, не парушалі правілы вулічнага руху. Ішлі па “зебры”, на зялёны ліхтар святлафора. Але ў той міг па вуліцы ляцеў на легкавушцы нячысцік. Ён і пакалечыў дзяўчынак.
Умяшаўся злыдзень і ў гульню дзяцей на заліўным катку каля школы. Ён так і цаляў, каб падставіць падножку каму-небудзь пад канькі. Асабліва шкодзіў тым, хто яшчэ толькі вучыўся катацца. У выніку дзяўчынку Алёнку прывезлі ў бальніцу з пераломам нагі.
– Што рабіць, як ратаваць дзяцей? – устрывожыўся Вася Вясёлкін.
– Сапраўды, год пачаўся не зусім весела, – заклапочана падтрымаў гаворку Юні-Юні і давёў тую думку, над якой разважаў. – Разумееш, наша Канвенцыя патрабуе, каб усе правы, якія ахоўваюць дзяцей, заўсёды выконваліся, каб яны выкарыстоўваліся толькі для падтрымкі і на карысць дзяцей. А што атрымліваецца?
– Ага, вось і я пісаў у “Вясёлцы” пра дабро і зло, – роздумна сказаў Вася Вясёлкін. – Мы, як існуе свет, заўсёды ў стане вайны, у пастаяннай барацьбе з табой на баку дабрыні. І большасць дзяцей і іх бацькоў з намі. А некаторых, бачыш, спакушае нехта злосны…
Юні-Юні і сам адчуваў, ведаў гэта. Але ж стала і крыўдна: робіш дабро, а некаму гэта недаспадобы. Што ж трэба яшчэ здзейсніць, каб выйграць барацьбу за дзяцей? Чым узмацніць іх веру і надзею ў заўтрашні дзень?
Задумлівага Юні-Юні паклікаў Вася Вясёлкін:
– Зірні, дружа, у акно. Бачыш, дзеці будуюць снежны горад.
На дзетсадаўскай пляцоўцы, як мурашкі, юрыліся дзеці. Адны рабілі сняжкі, другія скатвалі вялізныя валуны са снегу. А трэція, мантажнікі, складвалі з іх дамы, школу, магазіны. Каля брамы ўстанавілі снегавіка з мятлой.
– Бачыш, Дабрадзей, дзеці зляпілі вартаўніка, каб у іх горад не пранік злыдзень, – звярнуў на гэта ўвагу Вася Вясёлкін.
– Слухай, а што калі нам пад’ехаць да кіраўнікоў гарадоў, – сказаў Юні-Юні, – і папрасіць, каб яны больш даверліва паставіліся да дзяцей. Хай вучаць іх быць адказнымі за ўсё, што адбываецца ў горадзе. Хай раяцца з імі, смялей давяраюць ім свае дарослыя клопаты. Можа, тады і стане невыносна жыць розным казюрам…
– Правільна, дзеці, згодна Канвенцыі, – грамадзяне сваёй краіны, – падтрымаў Вася Вясёлкін прапанову Юні-Юні. – Хай змалку выхоўваюць у сабе грамадзянскія пачуцці і адчуюць адказнасць за ўсё, што робіцца наўкол.
– Ды не толькі гэта, – прадоўжыў сваю думку Юні-Юні. – Удзелам у кіраванні горадам дзеці рэалізуюць сваё права быць актыўнымі грамадзянамі. А гэта і ёсць аснова для здаровага чалавечага развіцця. Гэта і ёсць добрая прыкмета дэмакратычнай дзяржавы…
Так і нарадзілася ініцыятыва Юні-Юні аб правядзенні конкурснага праекта “Гарады, сяброўскія дзецям”.
У Беларусі ў гэты важны праект уключыліся звыш дваццаці гарадоў. Сярод іх – Мінск, Наваполацк, Пінск, Добруш, Барысаў, Пружаны…
Як бы яму, сённяшняму актыўнаму Дзіцяці, адрасавала некалі свой верш вядомая паэтэса Эдзі Агняцвет:
Расці і радуй, дружа мілы,
Бацькоў, настаўнікаў, сяброў.
Жадаю розуму і сілы
Табе для будучых гадоў!
Уладзімір ЛІПСКІ










