ПАКЛАНІСЯ ЛЮБОВІ Лісты да ўнука
Уладзімір Ліпскі прапануе чытачам лісты
да свайго ўнука. Гэта лірычныя
замалёўкі, жыццяпіс улюбёнага гадаванца.
Кніга падрыхтавана да друку ў выдавецтве
«Адукацыя і выхаванне»
УЛАДЗІМІР ЛІПСКІ
ПАКЛАНІСЯ ЛЮБОВІ
Лісты да ўнука
3
Пупсік!
Мыю вокны ў тваёй кватэры. Бацька твой Лёня і сястра Маша наводзяць марафет у пакоях. А мне, самаму вёрткаму, даверылі шкліны. Ведай, шыбін у вашых лоджыях, дзвярах і рамах столькі, каб іх падлічыць, трэба закончыць адзін клас. Мне здаецца, мой Унук, я не проста мыю вокны, а праціраю сівыя аблокі, якія няспешна плывуць у сонечнай прасторы. Яны, вечныя нябесныя падарожнікі, як бы хочуць прыпыніцца над вашым домам у Сухарава, запеленга- ваць навіну аб тваім нараджэнні і разнесці яе па ўсёй Зямлі. Будзь паважлівым, мой Нашчадак, да гэтых аблокаў. Яны заўсёды над намі, багата чаго бачылі і ведаюць. Часцей узірайся ў іх, у неба і зоры. І ты адчуеш у сабе крылы, захочацца ўвысь, туды, дзе загадкавая вечнасць. Як жа гэта важна: жыць на зямлі, наталяцца сокамі прыроды і цягнуцца да касміч- нага сонца. Усё жывое так робіць: гонкія сосны і беластволыя бярозы, росная трава і звонкі трапятун-жаўрук. Рыба часам хоча падскочыць да неба. Певень успырхвае на жэрдку, калі захоча паспяваць. Нават воўк уздымае галаву да зор, калі жадае выць на ўсё наваколле пра сваю долю.
Вось якая гэта магічная штука — вышыня. Але ж помні, з яе можна і зляцець, калі не ўтрымаешся на ёй. Яна можа і скатурхнуць цябе, калі ты ўявіш, што ўхапіў удачу за бараду. Даруй, Унук, за павучанні. Яны не вычытаныя. Да іх я дайшоў сам, па жыццёвых пуцявінах. Яны дарагія мне. Хачу, каб і ты іх зразумеў, глыбока ўпусціў у душу. Чым раней гэта адбудзецца, тым больш упэўнена будзеш крочыць па жыцці. А пакуль што я мыю вокны ў тваёй кватэры. Заадно праціраю і аблокі, якія наплываюць на шыбіны.
Чакаем цябе!
4 ліпеня 2005 г. (панядзелак)
г. Мінск
4
Мой дружок!
Сёння ўпершыню ўбачыў цябе. Твая мама Марына таямніча правяла ў залу. І там я сустрэўся з табой ва ўсёй красе.Ты ляжаў на шырокай бацькоўскай пасцелі. Ад таго, што ты малюпаська, канапа здавалася бязмежным палеткам. На ім — ты, сонны і замілаваны каласок. Ляжаў на спінцы, ручкі ўгору. Пальчыкі сціснуты ў кулачкі. Чорныя валосікі на галоўцы. Шчочкі, як у хамячка. І пульхныя, сысунковыя губкі.
Ногі раскінуты ўшыркі. Ты адпачываў на волі, у любячай цябе аўры, спакойны, сыты і задаволены. Вось такім мужычком запомніў цябе. Сэрца маё залілося пяшчотай, жаласцю і трывогай. Якім вырасцеш? Кім
будзеш? Ці ўпусціш у сябе Бога? Ці зможаш змагацца з нячысцікам? Ён жа пачне
з часам падсоўваць табе горкую слодыч: тытунь, піва, легкадумнасць, непаслух мянасць, грубасць, грошы, золата, зазнайства… Будзе чакаць, каб ты клюнуў, спа кусіўся, падтрымаў яго, «рыбака». Будзь асцярожны, прадбачлівы, мой унук! Па генах ты атрымаў дабрыню і працалюбства Ліпскіх, наша чыстае сумленне, любоў да зямлі сваёй і роднай мовы, уменне радавацца жыццю і цаніць кожны новы дзень. Хай жа ўсё гэта і стане мерай тваёй волі, твайго характару, твайго росту і сталення. Ацані, унучак, тую бязмежную любоў, якой ты спавіты з першага свайго жыццёвага дзянёчка. Ведай, далёка не ўсім дзецям перападае такая спадчына. Сярод народжаных ёсць сіроты, падкідышы, бязбацькавічы, нежаданцы, адлучэнцы, дзетдомаўцы, апякуемыя, прададзеныя, скалечаныя, забітыя. Як навучышся чытаць, а галоўнае, калі пачнеш усур’ёз задумвацца пра жыццё, вазьмі ў рукі маю кніжку «Бацькі і дзеці» і няспешна ўпусці яе ў сваю душу. І тады ты ўсвядоміш цяперашнюю маю радасць-трывогу за цябе. Ты ляжыш на бацькоўскай пасцелі. Спіш. Спачываеш. Мы ўсе з заміла- ваннем пазіраем на цябе, агортваем цябе любоўю і надзеяй. Набірайся сіл, хлопчык. У цябе наперадзе цэлае жыццё. Сваё. Непаўторнае. Загадкавае. Хай жа яно стане змястоўнай кнігай, запатрабаванай людзьмі, якая перадасца ў
памяць новых пакаленняў беларусаў.
Скажаш, дзед паставіў высокую планку для цябе. А без яе, дружок, нічога
не дасягнеш у жыцці. Хай высокая мэта свеціць перад табой.
Твой дзед
10.07.2005 г. (нядзеля)
5
Ура! Ура!
Наш пупсік мае імя!
Запомні, дружок, пад нумарам 1967 табе выпісана Пасведчанне аб нараджэнні. Відаць, столькі (1967!) немаўлят нарадзілася ў Фрунзенскім раёне г. Мінска на 2 жніўня 2005 г. Менавіта ў гэты дзень, праз месяц пасля тваіх народзінаў, ты засведчаны ў дакументах, як грамадзянін Беларусі, — Ліпскі Анатолій Леанідавіч. З чым цябе сардэчна і віншую! Мой унучак, ты займеў чалавечае імя. Цяпер трэба спраўдзіць яго перад бацькамі, перад людзьмі, перад радзімай, перад самім сабой. Імя павінна прыкіпець да цябе, прырасці, каб ты і тваё імя сталі маналітам.
Анатоль! Ведай, акадэмік Мікалай Васільевіч Бірыла адшукаў на Беларусі звыш трыццаці варыянтаў твайго імя: Анатолій, Натоль, Анатолік, Анатолька, Антоль, Антолік, Антолька, Толь, Толенька, Толечка, Толік, Толіч, Толька, Талюша, Таляй, Таляка, Талян, Талянка, Таляш, Толічак, Талічок, Таляйчык, Таляйка, Талясцік, Таляшта… А як жа цябе будуць называць? Да якога наймення больш дапасуешся сваім характарам, сваёй працай, сваёй хадой па жыцці? Загадак пакуль болей, чым адгадак.
Гартаю праваслаўны каляндар, разгортваю зборнікі народных прыкмет. Што даведваюся? Ты нарадзіўся 2 ліпеня, і цябе па-царкоўнаму іменаслову маглі назваць Засімам, Зосімам. Менавіта гэтым днём царква ўслаўляе імя такога святога. Але сярод сучасных хлопчыкаў і хлопцаў я не чуў падобнае імя. Яно цяпер не моднае, хаця з грэчаскай мовы і перакладаецца — жыццёвы. Цябе бацькі і сястра Маша назвалі Анатолем. Імя паходзіць са старажыт- най зямлі Грэцыі. І азначае — усходні, узыходзячы. Ты узышоў на ўсходзе! Тваё імя мелі тры святыя Анатоліі: свяціцель, мучанік, прападобны. Патрыярха Канстанцінопальскага Анатолія царква ўслаўляе 3 ліпеня. Гэта па дні месяца амаль супадае з тваім з’яўленнем на свеце. Так што імя тваё далёка не выпадковае. Пранясі яго па жыцці ў чысціні і святасці! А яшчэ помні, унук, ты нарадзіўся ў пару, калі цвітуць ліпы, калі пчолы пачынаюць заліваць соты воскам, запасаюцца ліпавым мёдам на зіму.
Пчолы, Божыя ўгодніцы, рыхтуюць воск на царкоўныя свечкі. Гэта адзі- ныя прыродныя стварэнні, якім даручана такая святая справа. І стараюцца яны выканаць яе ў ліпені. Месяц твой і паходзіць ад назвы дрэва ліпа. І прозў тваім, Анатоль, імені, у дні твайго нараджэння! Спраўдзі нашы надзеі, унук!
Твой дзед
2.08.2005 г. (аўторак)
6
Наш любы Толік!
Праз месяц і два дні, 4 жніўня, ты здзівіў нас усіх і пацешыў. Найперш, канешне, сваіх бацькоў — Марыну і Лёню. У дзве гадзіны сорак пяць хвілін ночы ты першы раз у жыцці ўсміхнуўся!
А было так. Ты расплюшчыў свае вочы-пацерачкі. У пакоі цёмна, за акном — ноч, зорнае неба. А дзе ж нянькі? Чаго іх няма вакол цябе? Ты незадаволена крак- тануў, і тут жа два знаёмыя, усмешлівыя твары нахіліліся над табой. Бацькі як бы і не спалі: «Толічак, Талюсік, прачнуўся?..»
Лёня замяніў табе памперсы, і два бацькоўскія твары зноў зашчыравалі над табой. «Ну што, сынуля, будзем карміцца?» — спытала мама. І ў гэтае імгненне сонечны промнік ускочыў на твой тварык, пульхныя твае вусны расплыліся ва ўсмешцы і асвяцілі бацькоў неабсяжным шчасцем. Сваёй усмешкай ты аддзячыў ім за начныя клопаты пра цябе, за іх пяшчоту да тваёй персоны. Кажуць, чалавек пачынае ўсміхацца, смяцца тады, калі напакутуецца. Ты дзевяць месяцаў жыў у цемры і адзіноце. Ты перажыў народзіны. Ты пачы- наеш адкрываць для сябе зямны рай. І ты ўсміхнуўся! Божа, хай на гэтым і закончацца ўсе твае зямныя пакуты. Навучыся, унук, радавацца жыццю (гатоў гэта паўтараць у кожным пісьме)! І навучыся смяяцца. Гэта цэлая навука, калі смех не дурны, не ідыёцкі, а па-чалавечы мудры, дасціпны, душэўны.
Напэўна ж, як падрасцеш, возьмеш у рукі маю кнігу «Аўцюкоўцы». У ёй ты адкрыеш для сябе ўсмешліва-гумарных людзей, Каласкоў і Калінак, якія адвечна гаруюць і заўсёды жартуюць. Яны ўмеюць смяяцца з саміх сябе, з суседзяў, з начальнікаў. Яны ўмеюць пераносіць нягоды. Яны ўмеюць у чорным бачыць светлае. Як і ты, Толік, цёмнай ноччу ўпершыню ўсміхнуўся. Хай жа ўсмешка радасці і задавальнення заўсёды падарожнічае з табой.
Мы радуемся, унук, кожнаму твайму руху, позірку, гуку. Хочацца ўсцеш- на дачыркнуцца да твайго кірпатага носіка, ушчыкнуць твае шчочкі-булачкі, палашчыць твае мініяцюрныя пальчыкі. Мы, уся твая блізкая радня, аж млеем ад шчасця, што ты нарадзіўся. І гэта праўда. Але ж ведай, унук, пра народзіны дзіцяці ёсць і іншае меркаванне. Вось што пісаў геніяльны італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт Мікеланджэла Буанароці (1475—1564) свай- му пляменніку Ліанарду, калі той задумаў святкаваць нараджэнне сына: «Гэта пышнасць мне не падабаецца. Недапушчальна смяяцца, калі ўвесь свет стогне. Наладжваць такую ўрачыстасць толькі дзеля таго, што нехта з’явіўся на свет, па меншай меры смешна. Радавацца можна і трэба, калі памірае чалавек, які з годнасцю пражыў свае жыццё». Вось такія пірагі, Талян. Насмоктвайся ўдосталь мамінага малачка. Купайся ў аўры сямейнай любові. Ды ведай, што давядзецца і табе, хочаш таго ці не, «смактануць» не толькі прыемнага і салодкага, а і горкага. Не адчайвайся! І хай табе ў цяжкія хвіліны дапаможа добрая ўсмешка.
Твой дзядуля
4.08.2005 г. (чацвер)
7
Родны Таляйчык!
Твае першыя госці да дзеда з бабай супалі з нашым святам. Мы дажылі да сапфіравага вяселля — сорак пяць гадоў сумеснага жыцця. Парадуйся, бо каб не наш сямейны саюз, не было б тваёй мамы Марыны, не было б і цябе. Мы ваш жыццёвы сок, карані радаводнага дрэва. А вы, унукі — Антон, Маша і ты, Толік, — на вяршыні сучаснага нашага радаводу.
Сваё сапфіравае вяселле мы адзначалі на дачы, у нашым загарадным жоўта-зялёным доміку. Працавалі на зямлі, цешыліся наліўнымі яблыкамі, гронкамі сліў на сагнутых галінах, дарамі кітайскага лімонніку, зялёнымі газонамі, кустамі парэчак, цыбатым маліннікам. Якое хараство! І раптам (зусім нечакана!) каля нашага доміка супынілася жоўтая машына. І вы ўсе Ліпскія — Лёня, Марына, Маша і ты, пупсік, завіталі на наша лецішча. Прыйшлі з шампанскім і букетам гарадскіх кветак. Вось і пачалося свята! Я даўно ўжо не піток, але стрэліў шампанскім тут жа на агародзе. Усе прыгубілі шыпучага напою, апроч, канешне, Машы і цябе. Ты палежваў у паходнай сумцы-люльцы і шырокімі вачыма адкрываў новы для сябе краявід.
Божа, ты ўпершыню ў жыцці бачыў жывыя дрэвы, ягадныя кусты, кветкі на градах. Ты здзіўлена пазіраў на драўляную люстру ў пакоі. Каб жа ты, мой хлопчык, на ўсё жыццё захаваў вочы адкрывальніка, каб ніколі не стаміўся дзівавацца ўсім прыгожым.
А яшчэ, Толік, нам, дзеду і бабе, хацелася, каб і ты некалі сустрэў сваё кахан- не, завёў сям’ю, спадчыннікаў, і вось гэтак жа адзначаў сваё сапфіравае вяселле. Зразумей, кім бы ты ні стаў, на каго б ні вывучыўся, якой бы кар’еры ні дасягнуў, колькі б грошай ні займеў, галоўнае багацце — у любові і каханні. Яны, і толькі яны, ствараюць моцны сямейны саюз, ад якога ідуць новыягаліны спадчыннасці. Прызнаюся, мы з тваёй бабай Нінай сустрэліся нібыта выпадкова, але ўжыцці няма нічога выпадковага. Мы жылі ў розных вёсках, у розных сем’ях, але самае важнае — у адзін час. І гэты гаспадарчас звёў нас у мінскім тэхнікуме. Яна была з доўгай касой, у паркалёвайсукеначцы, з адкрытай усмешкай, з нецалаванымі губамі. Нас аб’яднала тое, што мы любілі сваю маладосць і хацелі шчыра кахаць…
А як толькі закончылі вучобу ў тэхнікуме і атрымалі пуцёўкі на працу ў розныя раёны, перапалохаліся не на жарт. Мы ж маглі страціць адно аднаго. Як тады жыць? І навошта тады жыць? Во, браце, як бывае. Калі і на цябе нахлыне калі-небудзь такое пачуццё, то ведай, ты сустрэў сваю суджаную, табе трэба жаніцца. Канешне, унук, мядовым бывае толькі першы месяц жаніцьбы. А далей нечакана падступаюць адказнасць, клопаты, радасці-турботы, рэўнасць, цяжбы, у голасе метал, у позірку — халоднасць, у кашальку — вецер, у сябрах — нявернасць, сярод родзічаў — непаразуменне. Усё гэта трэба ўмець бачыць, адчуваць, пераадольваць. Тады цярплівым Бог надасць сілы, каханым захавае іх пачуцці, верным сям’і і вянчальным клятвам падорыць дзяцей. Дарагі ўнучак! Ты сёння агледзеў наш дачны маёнтачак. Па ўсім відаць, ён табе спадабаўся. Наведвайся сюды часцей, наталяйся, адпачывай тут колькі захочаш. А калі вырасцеш, пабудуй сабе хату сам. Па сваім гусце і настроі. На свае грошы. Пасадзі свае дрэвы, кусты. І дачакайся на сапфіравае, а, можа, на залатое ці брыльянтавае вяселле сваіх унукаў. Ды не забудзься прыгадаць на ім дзеда Валодзю і бабу Ніну, якія ў маладосці і сталасці нястомна люлялі радаводную калыску.
Твой сапфіравец
24.09.2005 г. (субота)
«Узгор’е-2»