Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе (працяг)
Пачатак тут
8. Цяжкае вяртанне
Толькі к вечару, калі стала хутка цямнець у мокрым лесе, Вожык і Заяц, вымаклыя пад зноў пайшоўшым дажджом, дабраліся да Елкі. Ох, як сумна і тужліва было ў іх на душы!
– Можа, і няма такой казачнай паляны, – думаў услых Заяц. – Крумкачу што – ён высока лётае, яму і такая паляна, дзе сёння мы былі, здасца зверху самай Сонечнай. А вось калі ўніз спусціцца…
Сябры прыціхлі, прыслухваючыся – ізноў меладычна шумелі над імі галіны Елкі. Вожык напружана моршчыў лоб і раптам ускочыў, радасны і ўзбуджаны:
– Я ўспомніў! Я ўспомніў, што за мелодыю цяпер чую!
І ён нягучна праспяваў:
– Над нашай палянай ноч наступіла.
Спі мой сыночак, калючык мой мілы…
І яшчэ цішэй, расчулены, дадаў:
– Гэтую песеньку мне мама спявала, калі я быў зусім маленькі…
– Не можа быць, – ашаломлена прагаварыў Заяц. – Я чую іншую песню… Я ўспомніў, мамчына песня, вось:
Зоркі над нашай палянай гараць
Зайчыкам малым яны кажуць спаць…
Сябры са здзіўленнем глядзелі адзін на аднаго.
– Гэтая Елка нам спявае тыя песні, якія нам спявалі нашы мамы. Табе – песню тваёй мамы, а мне – маёй, – сказаў Вожык.
– Але навошта? – здзівіўся Заяц.
– Мусіць, Елка жадае, каб мы ўспомнілі аб сваіх мамах…
– І аб сваёй паляне, – дадаў Заяц.
– Страшна, мусіць, у нас цяпер дома, – стаў разважаць Вожык. – Раўчук яшчэ больш выйшаў з берагоў… І есці там няма чаго…
– А мы тут ягады свежыя, сакавітыя, кожны дзень ямо, спім у цёплым моху, – услед яму казаў Заяц.
– Можа, там, на нашай паляне, некаму дапамога патрэбна. У Аленіхі павінна было Аленяня нарадзіцца, а раптам яе ляжанку вадой заліло?
– І Крумкача мы аднаго пакінулі… А дупло ўжо працякаць пачало…
Вожык і Заяц успаміналі сваіх сяброў, знаёмых, якіх пакінулі на паляне і адчувалі сябе вінаватымі. І быццам няма ніякай віны ў Зайца і Вожыка, што не знайшлі яны нічога… Але вось цяпер яны ў цеплыні – а як там іх сябры? Бо нездарма ж старая Елка напявала ім кожную ноч калыханкі іх маці, калыханкі, у якіх была іх паляна, іх родны дом…
– Нам вяртацца трэба, – выказаў Вожык услых тую думку, што авалодала абодвума. – Трэба нешта іншае прыдумляць, а не шукаць шчасце ў цёмным лесе.
– Трэба вяртацца, – пераканаўча сказаў і Заяц. – Раптам камусьці дапамога наша патрэбна? Раптам мудры Крумкач нешта прыдумаў?
…Сябры заснулі, супакоеныя тым, што рашэнне прынята: яны заўтра раніцай пойдуць назад – на сваю, змоклую наскрозь, залітую раўчуком паляну. Можа, стары Крумкач нешта прыдумаў, знайшоў адказ…
Яшчэ толькі развіднела ў лесе, а Вожык і Заяц ужо не спалі – ім не цярпелася адправіцца ў шлях.
Раптам абодвум ім стала здавацца, што на іх паляне здарылася нешта надзвычай важнае: можа быць, некаму вельмі патрэбна іх дапамога, можа, з іх палянай здарылася няшчасце. Раптам яны ўсвядомілі, наколькі ім дарагая іх уласная паляна… Так, няхай мокрая, няхай з пахмурным небам – але яна свая… Там усё знаёма, там усё зразумела і проста, там такія шчырыя сябры, там усе жывуць па самым простым і справядлівым законе ўсіх жывых: жыві з суседам так, як бы ты жадаў, каб сусед жыў з табой…
З нецярпеннем сябры сталі абыходзіць велізарны ствол Елкі… Вось тая сцяжынка, што вывела іх учора на паляну, дзе кіруе сіла, вось па гэтай дарожцы яны патрапілі на паляну хітрасці, вось тая самая сцяжынка роўнасці і аднолькавасці…
Але дзе ж іх сцяжынка да хаты? Не можа быць!
Пачатак сцяжынкі ледзь угадваўся перад імі – а далей усё густа-густа зарасло. Лес наперадзе стаяў пануры, жудасна чарнелі мёртвыя дрэвы, вільготна блішчэлі ствалы.
– Як быццам шмат-шмат гадоў мінула, – заклапочана прагаварыў Вожык. – А ўсяго ж некалькі дзён прайшло… Трэба ісці.
Яны адважна ступілі ад елкі ў глыб лесу, рассунуўшы густыя зараснікі. І відаць, нават менавіта тое, што дарога дадому выглядала вельмі цяжкай, яшчэ больш надало ім упэўненасці, што на сваю родную паляну яны павінны вярнуцца абавязкова!
Чаму? Ды хто яго ведае. І толькі Заяц выказаў здагадку:
– Мусіць, гэта правільна, калі да добрага дома вядзе вельмі цяжкая дарога. Калі ісці нам было вельмі лёгка і проста, мы зусім не туды прыходзілі.
– Відаць, так і ёсць, – адказаў Вожык. – Не бывае простых і роўных дарог да ўтульнага дома…
То пякучая крапіва, то дзядоўнік калючы, то непралазны маліннік станавіліся ў іх на шляху. Яны перабіраліся праз адно ўпалае дрэва – і пападалі ў гразкае балотца з асакой, такой вострай, што да крыві рэзала лапы. Але Вожык і Заяц упарта, падпарадкоўваючыся нейкаму ўнутранаму клічу, ішлі і ішлі – усё прама і прама. І чым больш перашкод станавілася на іх шляху, тым больш было ўпэўненасці ў іх маленькіх сэрцах: яны ідуць правільна, іх паляна кліча іх да сабе, яна дапаможа ім здалёку не зваліцца ад бяссілля, не звярнуць назад…
А над галовамі сяброў мацней зашумелі кронамі дрэвы. Мокрая завісь, што да гэтага густой смугой вісела ў паветры, пацяжэла, сабралася ў кроплі – і пайшоў дождж. Спачатку дробны, потым кроплі станавіліся ўсё буйней і ўжо балюча хвасталі па галовах і спінах. Вецер зашумеў яшчэ мацней, пагрозліва разгойдваліся старыя дрэвы, раптам дзесьці ўбаку раздаваўся трэск – падала з шумным уздыхам дрэва. І ўсё часцей перад сябрамі на іх шляху паўставалі велізарныя сукаватыя вываратні, праз якія так цяжка было перабірацца… Здавалася, сіл не засталося зусім. Змоклыя наскрозь, змёрзлыя і вельмі стомленыя ішлі Заяц і Вожык па ледзь бачнай сцяжынцы – ішлі да сябе дадому.
Наперадзе пачало святлець – гэта надало вандроўнікам сіл. Паляна, іх паляна, была ўжо зусім блізка, яны адчувалі гэта.
І яна адкрылася перад імі…
Якой бездапаможнай і сумнай яна была!
Ужо амаль напалову затопленая вадой раўчука, які так моцна разліўся, уся працятая дажджом наскрозь, пустынная, шэра–зялёная без адзінай кветкі на ёй… Усё гэтак жа церусіў дождж…
Але, нягледзячы на гэты выгляд, сэрцы сяброў напоўніліся радасцю – як выдатна зноў апынуцца дома! Хай гэты дом пакуль і не самы лепшы…
Праз вялікія лужыны вады, вязнучы ў мокрай траве, сябры дабраліся да таго самага пня з дуплом, адкуль некалькі дзён назад яны пачалі свой шлях – да хаткі Вожыка.
9. Калі разам…
У дупле, якое цяпер працякала ў некалькіх месцах, сядзеў іх знаёмы – стары мудры Крумкач.
– Мы вярнуліся, дзядуля Крумкач, – сказаў Вожык замест прывітання. – Але няма ў нас добрых вестак.
– Мы не знайшлі тую паляну, аб якой Вы казалі, – стаў вінавата расказваць Заяц. – Мы бачылі розныя паляны. На іх свеціць сонца, там растуць ягады і грыбы, там шмат кветак і месца хапае ўсім. Але мы не змаглі там застацца і мы не можам паклікаць усіх туды.
– Добры дзень, сябры мае, – з лагоднай усмешкай адказаў Крумкач. – Што ж, так, мусіць, і павінна быць. Нам заўсёды здаецца, што лепш за ўсё там, дзе нас няма. Няўжо так дрэнна было там? Бо ў нас сапраўдная бяда – глядзіце, хутка ад нашай паляны амаль нічога не застанецца.
– Там, дзе мы былі, усё не так, як у нас. Не так, як Вы вучылі нас жыць: каб усім было добра, каб ніхто нікога не крыўдзіў… Мы спадзяваліся, што Вы нешта прыдумалі, што знайшлі адказ на пытанне: як зрабіць нашу паляну ізноў сонечнай – бо перад нашым адыходам Вы збіраліся падумаць, – адказаў Вожык, а Заяц дадаў:
– А яшчэ мы падумалі, што можа тут камусьці патрэбна наша дапамога…
– Мусіць, вы зрабілі правільны выбар, – адказаў Крумкач. – Час пакажа… А цяпер – бяжыце да старога дуба, паклічце майго сябра Пугача…
– Што ты бачыў, Крумкач? – адразу спытаў Пугач, калі зайшоў у дупло, і Заяц з Вожыкам зразумелі, што яшчэ раней гэтыя дзве разумныя птушкі пра нешта дамаўляліся паміж сабой.
– Уніз па цячэнні нашага раўчука шмат паваленых дрэў. Густая смуга вісіць над гэтым месцам. Смуга паднімаецца ўверх, збіраецца хмарай, а потым вецер нясе яе на нашу паляну.
– Што ж, выходзіць, той дзень не мінуў бясследна для нашай паляны, – задумліва сказаў Пугач. – Калісьці даўно над нашым лесам пранеслася моцная бура. Шмат дрэў звалілася тады. Відаць, і папярок раўчука. Сукі іх гнілі і ападалі ў ваду… І там утварылася гаць – раўчуку няма куды стала цячы. Разлілося возера, якое стала забалочвацца. У сонечныя тады дні пара з яго паднімалася высока ўверх і падала ўжо дажджом, ізноў сілкуючы раўчук. Чым больш праходзіла дзён – тым больш разліваўся раўчук, тым больш смугі вісела над балотцам, тым больш станавілася і само балота… Такая мая думка. Што скажаш, Крумкач?
– Так і ёсць, – згадзіўся Крумкач. – Што ж, сябры мае, цяпер мы з сябрам Пугачом пачнём складаць план. А вы абыдзіце ўсіх звяроў на паляне. Клічце ўсіх. Мы будзем самі ратаваць сваю паляну.
– Праўда? Значыць, мы зможам самі прагнаць дажджавыя хмары? Мы зможам ачысціць неба? Мы зможам спыніць дождж? – закрычалі Заяц і Вожык.
– Так, мае юныя сябры !– усміхнуўся ў адказ Крумкач. – У нас павінна атрымацца. Але нам трэба зрабіць вельмі шмат. Мы павінны пабудаваць дарогу да той гаці ўніз па цячэнні раўчука. А потым мы павінны даць магчымасць раўчуку цячы так, як ён цёк раней. Нам трэба зваліць мёртвыя дрэвы ў лесе ля таго месца… нам трэба яшчэ шмат зрабіць. І тады вада сыдзе з нашай паляны. І сыдуць дажджавыя хмары. І прыйдзе сонца.
– Ура!!! – закрычалі ў адзін голас Вожык і Заяц. – Наша паляна стане самай сонечнай!
Яны выбеглі з дупла і пабеглі ад хаткі да хаткі:
– Выходзьце ўсе! Выходзьце! Мы можам самі выратаваць сваю паляну! Мы можам самі, усе разам, вярнуць да нас сонца! Мы можам зрабіць сваю паляну самай сонечнай, самай прыгожай, самай лепшай палянай на свеце! Так кажуць мудры Крумкач і разумны Пугач! Выходзьце ўсе! Мы зможам, калі мы будзем – разам!
Даўно гэта паляна не чула такіх гучных галасоў, і звяры, здзіўленыя, выходзілі з сваіх хатак. Вестка аб тым, што яны самі – самі! – могуць спыніць дождж, імгненна разляцелася па ўсёй вялікай паляне. Звяры верылі і не верылі, але ўсе спяшаліся да хаткі Вожыка: там, на версе старога пня сядзелі Крумкач і Пугач.
– Нашы юныя сябры, Заяц і Вожык, за гэтыя дні шмат блукалі па дрымучым лесе, – загаварыў Крумкач. – Яны бачылі шмат светлых палян, але яны вярнуліся сюды: нідзе для нас не будзе лепшага месца чым тое, дзе мы ўсе нарадзіліся, дзе жылі нашы дзяды і бацькі. І не можам мы проста сысці і пакінуць наш дом. Цяпер мы з Пугачом раскажам наш план. Нас усіх чакае шмат працы. Будзе цяжка, дапамога кожнага вельмі патрэбная… Слухайце…
Усім знайшлася праца: вепрукі і малыя парасяты нарывалі пясок і капалі новае рэчышча для раўчука, зайцы і вавёркі насілі пясок для дарогі да гаці, маленькія мышы ўсёй вялікай сям’ёй шукалі ягады і грыбы для абеду працаўнікам, які рыхтавалі цётка Барсучыха і Аленіха. Магутныя ласі і бабры сталі расчышчаць гаць, сям’я мядзведзяў пайшла валіць старыя дрэвы… Усе-усе былі занятыя, ніхто не сядзеў у сваёй хатцы, нягледзячы на тое, што дождж не сціхаў ні на хвіліну.
Цэлы дзень кіпела праца, і звяры расходзіліся па сваіх хатках, стомленыя, але задаволеныя – усе ўбачылі, як шмат удалося зрабіць, усе паверылі, што ў іх атрымаецца. Калі яны будуць разам.
Але яшчэ не адзін дзень мінуў, перш чым была расчышчана гаць на Ціхім раўчуку – і вада стала сыходзіць з паляны па новым рэчышчы. Яшчэ прыбіралі ў лесе старыя дрэвы, даючы прастор ветру над іх палянай, расчышчалі ад бруду і глею залітыя раней хаткі і норы…
…У тую раніцу Вожык прачнуўся раней звычайнага – яго абудзіла цішыня. Ён ніяк не мог зразумець – чаго не хапае? Тут і Заяц адкрыў вочы.
– Заяц, ты чуеш – ціха зусім, – спытаў Вожык.
– Ага, – адказаў Заяц. – Не чуваць, як дождж шамаціць…
Яны са здзіўленнем прыслухваліся да новых гукаў гэтай раніцы: дзесьці ў лесе нясмела падала голас нейкая птушачка, ёй адказала іншая. А потым раптам усё дупло напоўнілася басавітым гудзеннем – гэта чмель праз адчыненае акенца заляцеў у хатку Вожыка!
Вожык асцярожна ўстаў, крадком, каб не напужаць чмяля, падышоў да дзвярэй і расхінуў іх. Чмель тут жа вылецеў.
А за ім выбеглі з хаткі Заяц і Вожык.
Дажджу не было. Над галовамі сяброў ззяла вымытае, чыстае-чыстае блакітнае неба. А над верхавінамі дрэў усходзіла сонца, і ўжо першыя прамяні яго падалі на куст, што рос над хаткай Вожыка.
– Сонца… – прашаптаў захоплена Вожык.
– Добры дзень, Сонца! – закрычаў, падскокваючы, Заяц.
– Добры дзень, Сонца! – адклікалася рэхам з усіх куткоў паляны.
Гэта выходзілі са сваіх хатак Янот і Барсук, Аленяня і цётка Барсучыха, лісяняты і медзведзяняты, мышаняты і ваўчаняты, бабры і парасяты – усе-усе жыхары паляны.
Яны ўсе сустракалі Сонца.
Даўно гэта паляна не чула такіх гучных галасоў.
Працяг чытайце заўтра!
узята з kazki.by