Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе
Дождж ішоў і ішоў… Ён, здаецца, ішоў заўсёды. Нізкія хмары віселі над самай зямлёй – відаць, яны зачапіліся ў мокрых верхавінах стромкіх елак і ніяк не маглі адарвацца і паляцець.
Гэта паляна была калісьці светлай і рознакаляровай. А цяпер яна стала ўсюды аднолькава мокрай, шэра-зялёнай.
У дупле вялікага старога пня сядзеў сумны Вожык. Пень быў вялікі, з тоўстымі сценкамі, і ў жытле Вожыка было цяпер суха і ўтульна. Але радасці ў Вожыка не было: дождж ужо ішоў так доўга!
На застылай паляне раптам з’явілася светлая пляма – ну, вядома, Заяц! Ён спыніўся амаль пасярод паляны, разгублена аглядаўся па баках.
1. Што расказаў крумкач
– Сюды, Заяц!, – закрычаў Вожык, выглядаючы з дупла. – Скачы сюды!
Заяц быў мокры і азяблы.
– Вада падступіла зусім блізка да маёй нары, ціхі раўчук стаў сапраўдным возерам, вада находзіць на паляну, – са скрухай расказваў Заяц. – Заліло нару старой Барсучыхі, сям’я Вепрука таксама пакінула ранейшую хату – яна працякла цалкам, хатку баброў раўчук зусім размыў…
– Заставайся ў мяне, – прапанаваў Вожык. – Тут хопіць месца для дваіх.
– Я ведаў, што ты мяне пусціш, дзякуй, – адказаў Заяц. – Але што ж далей будзе, Вожык? Дзе мы будзем гуляць, як раней, дзе будуць расці ягады?
– Не ведаю, – сумна адказаў Вожык. – І грыбоў не будзе, і арэхаў…
Раптам зверху раздаўся шум – лапаценне і шоргат, і перад уваходам у дупло апынуўся стары Крумкач.
– Заходзьце, дзядуля Крумкач! – запрасіў Вожык.
– Дзякуй, сябры мае, – адказаў Крумкач, і цяжка ступаючы, зайшоў у дупло.
– Што будзе, дзядуля Крумкач? – асцярожна спытаў Заяц. – Дождж ідзе і ідзе… Вы лётаеце высока, можа, відаць зверху крайчык светлага неба, што набліжаецца да нас?
– Дрэнна, – уздыхнуўшы, адказаў Крумкач. – Усё неба – адна вялікая хмара.
– Дзядуля Крумкач, няўжо ніколі не скончыцца дождж? Што стане з нашай палянай? – устрывожана спытаў Заяц.
– Ніяк не можа зацвісці сунічнік, – дадаў Вожык. – Згніе грыбніца – і мы ўсе застанёмся без грыбоў. Нават арэхаў зусім мала на галінках…
– Так, мае юныя сябры, справы дрэнныя, – паківаў у скрусе галавой Крумкач. – З года ў год усё менш светлых дзён было над нашай палянай, усё гусцей і часцей ішлі дажджы. Трэба думаць…
– Пра што думаць, дзядуля Крумкач? – здзівіўся Заяц. – Трэба шукаць іншую паляну! Няўжо ў лесе няма палян, дзе свеціць сонца?
– Можа, і ёсць, – задуменна адказаў Крумкач. – Кажуць, быццам ёсць у лесе адна Сонечная паляна. Там шмат ягад і грыбоў, там заўсёды свеціць сонца, і нават дождж там ідзе, весела іскрачыся сваімі кропелькамі ў яго прамянях… Там жывуць доўга і шчасліва, бесклапотна і мірна…
– Дзе гэтая паляна? – у адзін голас спыталі Заяц і Вожык.
– Трэба ісці па старой сцяжынцы, – павярнуў дзюбай у бок Крумкач. – Але даўно ніхто не хадзіў па ёй, ніхто не ведае – куды яна выведзе. Вялікі лес утойвае шмат нечаканасцяў, шлях па ім заўсёды цяжкі і складаны…
– Мы знойдзем гэтую паляну! – падхапіўся Заяц. – Мы знойдзем яе… і ўсіх потым прывядзем да яе! Пойдзем, Вожык!
– Вядома, пойдзем!
– Гэта небяспечна, – перасцярог Крумкач. – Ідзіце, але помніце: у Вялікім лесе шмат што ўбачанае выдае сябе за жаданае, а многае жаданае застаецца не ўбачаным, – незразумела закончыў Крумкач. – Ідзіце, а я буду думаць…
І Заяц з Вожыкам пайшлі.
Працяг чытайце заўтра!
узята з kazki.by