Творчы конкурс “Мы – дружная сям’я”
Дарагія сябры! Запрашаем вас прыняць удзел у новым творчым конкурсе “Мы – дружная сям’я”. Пішыце пра сябе, сваіх бацькоў, братоў і сясцёр, дзядуляў і бабуль, старэйшых продкаў, якімі ганарыцца ваш род.
Школа, кожны асобны клас, настаўнікі і вучні – гэта таксама сям’я, вялікая і дружная.
Магчыма, у вас ёсць сябры ў іншых краінах, гарадах і вёсках. Вы перапісваецеся з імі, сустракаецеся на канікулах, у святочныя дні. Гэта ўжо ваша духоўная, братэрская сям’я. А там, дзе любоў і дружба, узаемная павага, лягчэй вучыцца і працаваць, збываюцца самыя смелыя мары.
Пра гэта ўсё і расказвайце сваім пяром, пэндзлікам і фарбамі. Чакаем ад вас пісьмаў з паметкай: на конкурс “Мы – дружная сям’я”.
Лепшыя вашы апавяданні, вершы, казкі, малюнкі будуць змешчаны на старонках “Вясёлкі”. Пераможцы конкурсу ў канцы года атрымаюць падарункі ад Васі Вясёлкіна.
За працу, сябры!