Светлагорскі край – прыродны край
Мілы горад – маладосць і сталасць
лучацца ў адзін агульны лёс,
каб заўжды твая прывабнасць
пацвярджала назву “Светлагорск”.
Соф’я Шах
МАЛАДОЕ СОНЦА
Гораду Светлагорску, цэнтру раёна, усяго шэсцьдзесят гадоў. Ён заснаваны на месцы вёскі Шацілкавічы, якая вядома з XVI стагоддзя. Свайго герба і сцяга гэта старажытнае паселішча ніколі не мела. Дзяржаўныя сімвалы распрацаваны ў наш час. Яны адпавядаюць самой назве светлага горада.
На чырвоным полі герба і сцяга адлюстравана як бы ранішняе, маладое сонца. Яно – у вобразе круга з натхнёным чалавечым тварам, на якім – ясныя вочы, прыемная ўсмешка. У светлагорскага “сонца” – прамыя і звілістыя промні. Яны дораць усім сваё цяпло, сваю прывабнасць. Гэта планета сімвалізуе святло, багацце, дастатак. Дык хай жа ў маіх землякоў заўсёды будзе святло ў душы. Хай іх сем’і будуць заўсёды багатымі на дзяцей, якія ўславяць нашу краіну. Хай дастатак усіх зямных скарбаў не міне светлагорцаў.
СВЕТЛЫ ГОРАД
У чым маладосць Светлагорска?
Адказ знойдзеце самі, калі пабываеце там. На ўсе бакі ад горада крочаць жалезныя мачты ліній электраперадач. Тут у 1954 годзе з’явіліся першыя будаўнікі. Пачалі ўзводзіць Васілевіцкую электрастанцыю.
Цяпер у рэспубліцы працуюць магутныя станцыі – Белаазёрская і Лукомская. Каля іх пабудаваны і новыя гарады – Белаазёрск і Новалукомль. А некалі Васілевіцкая станцыя была самай вялікай у рэспубліцы. Яна дала жыццё новаму гораду – Светлагорску.
Старажыламі ў Светлагорску лічацца энергетыкі і будаўнікі. Тут жывуць, працуюць нафтавікі і кандытары, хлебапёкі, шафёры і чыгуначнікі. А найбольш папулярнай стала прафесія хіміка. У горадзе ўзведзены буйны завод штучнага валакна.
Давайце на хвіліну зазірнём у гісторыю. Некалі беларускім сялянам, у тым ліку і шацілкаўскім, было дазволена “безграшовае карыстанне лыкам на асабістыя патрэбы”.
З лыка, як вы мо ведаеце, людзі плялі лапці. І гэта быў іх асноўны абутак як у будзённыя дні, так і ў святы.
Дык вось у былым лапцюжным краі пабудавалі завод штучнага валакна, з якога можна рабіць “абутак” для машын. А каб вы ўявілі, як атрымліваецца моцны “абутак” – шына, то давайце правядзём такі дослед. Наматаем у клубок 45 кіламетраў тонкай кордавай ніткі. Абвяжам клубок канцом той жа ніткі і апусцім уніз. Тонкая павуцінка ўтрымае гэты цяжкі груз. Вось з якіх моцных нітак светлагорцы выпускаюць штучнае валакно.
Яшчэ адно буйное прадпрыемства Светлагорска – цэлюлозна-кардонны камбінат. З драўніны і сабранай вамі макулатуры тут вырабляюць кардон, паперу, цэлюлозу, кармавыя дрожджы, разнастайныя хімічныя рэчывы. Бадзёра гучыць над былымі Шацілкамі песня “Светлагорскі вальс”:
Светлагорск любімы, горад родны мой,
Нам ісці ў быліны светлыя з табой!..
ЛЮДЗІ-ПТУШКІ
Прырода Светлагоршчыны такая, што тут прывольна адчуваюць сябе самыя розныя птушкі. Яны любяць рэкі і азёры, гаі і бары, лугі і палеткі. Усюды можна сустрэць прыродных спевакоў. Можа, з гэтай нагоды сярод светлагорцаў шмат людзей, якія носяць у сваіх прозвішчах назвы птушак?
Дамашніх птушак пазнаем у прозвішчах Пеўнеў, Петушэнка, Пётух, Курын, Качкін, Гусеў, Гусь, Гусакоў.
Ёсць птушкі, якія жывуць каля нашых хат, агародаў. Яны амаль не баяцца чалавека, па-свойму сябруюць з ім. Дык мо таму і людзі носяць іх у сваіх прозвішчах? Ці ж не так, Вераб’і, Вераб’ёвы, Буслы, Буслаевы, Вароніны, Вароны, Сарокіны, Шпакавы, Галубы, Галубенкі?
Чамусьці ў прозвішчах ёсць і птушкі-драпежнікі: Арлоўскія, Орлікавы, Коршакі, Каршуновы, Сакаловы, Крумкачовы. Цікава, якія легенды закадзіраваны ў іх?
Больш зразумелымі здаюцца прозвішчы Лебедзеў, Драздоўскі, Кукушкін, Жаваранкаў, Жураўлёў, Кулікоў, Чыжэўскі, Салавей, Салаўёў. Але ж і яны патрабуюць разгадкі: чаму людзі з пакалення ў пакаленне захоўваюць птушыныя прозвішчы?
АДКРЫЕМ СВАЮ ПЛАНЕТУ
Цікава вывучаць планеты Сонечнай сістэмы, зазіраць у далёкі, зоркавы космас. А мне здаецца, мы павінны па-новаму адкрыць для сябе нашу радзіму Беларусь. Яна, як і касмічная планета, захоўвае ў сабе шмат загадак і тайнаў.
Але найперш мусім глыбока спазнаць і палюбіць тую геаграфічную мясціну, у якой нарадзіліся і жывём. Многія светлагорскія школьнікі сцвярджаюць, што ведаюць свой край. Веру, але ж, пагадзіцеся, пустых старонак у нашай гісторыі яшчэ вельмі шмат. Скажам, чаму каля вёскі Чыркавічы ёсць лес, які называецца Аверкава паляна? Загадкай застаецца Альхоўскі курган каля вёскі Хутар, Бабскае азярцо ў вёсцы Здудзічы, Барсукова грыва каля вёскі Іскра. Так і хочацца складваць байкі і небыліцы, казкі і паданні пра светлагорскія ўрочышчы Лісаў астравок, Воўчыя ямы, Жураўлёвы станішчы, Малочная лужа, Залатая горка, Настасіна паляна, Рабы мост, Чортаў брод…
Дамашнія заданні
1. Чаму чыгуначная станцыя ў райцэнтры называецца “Светлагорск-на-Бярэзіне”?
2. На Светлагоршчыне адкрыты дзесяць радовішчаў нафты. Паспрабуйце адшукаць на карце вёскі, каля якіх знойдзены прыродны скарб.
3. Разгадаўшы рэбус, прачытаеце назву гарадскога пасёлка ў Светлагорскім раёне. Гэта паселішча вядома з ХVI стагоддзя як дзяржаўны маёнтак Вялікага Княства Літоўскага. Што вы ведаеце пра яго?
Уладзімір Ліпскі