Чарадзей для ўсіх дзяцей
Уладзімір Ліпскі
Чарадзей для ўсіх дзяцей
Аповесць-казка
1. Знаёмства Сонечнага Зая з Бела-Русым
Жыў-быў Сонечны Зай у высокім-высокім небе. Ён – сынок самога Сонца. Вось аднойчы мама яму і кажа:
– Ляці, мой сынок, на планету Зямля. Пасябруй там з дзецьмі. А калі трэба, падмажы ім.
– Якую ж я змагу карысць прынесці?
– Ты, мой сынок, – сказала Сонца, – светлы, прамяністы, усмешлівы, шчаслівы. Вось і падмагай малым зямлянам, каб і яны такімі былі.
– А калі мне там цяжка стане, хто мяне самога падтрымае?
– Чула я, – кажа Сонца, – на Зямлі ёсць сусветная хуткая дапамога. Яна называецца Дзіцячы Фонд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. А скарочана – ЮНІСЭФ.
– Юні, Юні, Юнісэф, – пачаў паўтараць Сонечны Зай складанае слова, каб запомніць яго.
– О, мой сынок, хай і будзе ў цябе зямное імя – Юні-Юні. Толькі ніколі-ніколі не распускай нюні.
Светлы Зай весела заскакаў:
– Я Юні-Юні – сын сонечнай матулі!
Сонца ўсміхнулася, усцешылася, што сынок гатовы выканаць яе просьбу, і націснула на кнопку “Пуск”:
Сонечны Зай выруліў на Зорны шлях, праляцеў міма планет Мяркурый, Венера. А пад зялёна-блакітнай Зямлёй раскрыў парашут. Перад ім віднелася планета людзей. Ён убачыў дзівосны зямны шар. На ім – моры і акіяны, рэкі і азёры, джунглі і пушчы, роўныя палеткі і гарбатыя горы.
Пад парашутам Юні-Юні паказалася зямная прастора, падобная на вялікі дубовы ліст. На ім бачны густыя лясы, багата стужак-рэк, а палеткі быццам засланы гасцявымі абрусамі. Дарогі-лінейкі злучаюць паміж сабой малыя і буйныя паселішчы. Мясціна гэта спадабалася Сонечнаму Заю, і ён шморгнуў за матузок, на якім было напісана “Спуск”.
Нябесны госць прызямліўся на ўскрайку густога лесу. Светлым промнікам засвяціўся каля зялёных ялінак. Раптам з-пад іх выскачыў падобны на яго промнік, але ўвесь белы-белы, з ружовымі вушкамі і чырвонымі вачамі.
– Ты…ты хто? – спалохана спытаў лясны жыхар.
– Я – Сонечны Зай, прыляцеў з неба. Завуць мяне Юні-Юні.
– Моднае імя ў цябе. А я проста Белы Зай, Бяляк. Цяпер, бачыш, зіма ў нас, вакол снег. Вось і я футра такое ж апрануў, для маскіроўкі.
– А летам ты таксама ў гэтай вопратцы будзеш? – пацікавіўся Юні-Юні.
– Ты што? Хочаш, каб мяне адразу прыкмеціў воўк ды злавіў? Не, летам я ў русым кафтане бегаць буду. Стану Русым Заем, Русаком.
– Зімой – белы, летам – русы. Значыць, ты – Бела-Русы.
– Ага, усе мы беларусы. І дзеці сябе называюць беларусамі. У іх – краіна Беларусь. Яны нават песню спяваюць:
Цік-так ходзікі,
Мне чатыры годзікі.
Чуб льняны, светларусы,
Тата з мамай беларусы.
– Слухай – спытаў Юні-Юні, – а дзеці тут дзе-небудзь ёсць?
– Ды во непадалёк дачны пасёлак Лысая Гара, дык летам тут іх, як пчол у вуллі. Сюды нават прыязджае гуляць Вася Вясёлкін.
– А хто гэта?
– Хэ, ды гэта ж любімы герой усіх дзяцей. Ён жыве ў часопісе “Вясёлка”, працуе разам з вядомымі пісьменнікамі, мастакамі.
“Трэба пазнаёміцца з ім. Ён, напэўна, багата чаго ведае”, – падумаў Юні-Юні, а ў Белага Зая спытаў:
– Дзе ж мне тых дзяцей цяпер шукаць?
– У сваіх сем’ях. Адны з іх у гарадскіх кватэрах жывуць, другія – у катэджах, трэція – у хатах во такіх, як на Лысай Гары, – разважліва сказаў Бяляк.
– Пайду беларускіх дзяцей шукаць. Мне трэба ведаць, ці не крыўдзяць іх, ці не парушаюць іх правы, – прызнаўся Юні-Юні.
Беляку не вельмі хацелася развітвацца з нечаканым нябесным госцем, і ён спытаў:
– Слухай, а калі я сустрэну дзяцей, якіх крыўдзяць, як адшукаць цябе?
– Як? – Сонечны Зай закаціў пад лоб свае круглыя вочы, быццам там, у галаве, пад доўгімі вушамі, быў схаваны нейкі сакрэт.
Бяляк цярпліва чакаў і час ад часу кідаў позірк па баках, як бы пераконваўся, што вакол нікога няма, ніхто не падслухае іх тайну. Цішыню парушаў толькі дзяцел, які несупынна дубасіў сухую верхавіну сасны.
Урэшце Сонечны Зай закончыў думаць, наблізіўся да Белага Зая і ціха прамовіў:
– Запомні маю выклічку-заманку. Калі захочаш мяне ўбачыць, паўтары два разы слова ў слова:
Юні-Юні – чарадзей,
Завітай да нас хутчэй!
Вані, Мані, Пеці…
Бяляк паўтарыў чарадзейную заманку. Два заі, сонечны і зямны, паціснулі адзін аднаму лапы і разбегліся ў розныя бакі. Бяляк паскакаў па снезе шукаць якой-небудзь ежы на абед. А Юні-Юні паляцеў да дзяцей.
Працяг у наступным нумары.