Скончыла працу выстава дзіцячай кнігі «Книжки в штанишках»
Асаблівасцю выставы «Книжки в штанишках» быў час яе правядзення: з канца 2011 да пачатку 2012 года. Святочныя зімовыя канікулы заўсёды значныя для дзяцей, нясуць непаўторны навагодні настрой.
Аднымі з самых запамінальных момантаў выставы сталі некалькі вясёлых навагодніх мерапрыемстваў для дзяцей усіх узростаў. Самыя захапляльныя прайшлі 31 снежня ў Дзіцячай гасцёўні і Калядны дабрачынны спектакль “Навагодняе чараўніцтва” для дзяцей-інвалідаў, арганізаваны 3-га студзеня Камерным Духоўным тэатрам “Образ” выдавецтва Беларускага Экзархата.
Увечары напярэдадні завяршэння выставы ў Дзіцячай гасцёўні выступаў супрацоўнік “Вясёлкі”, пісьменнік Анатоль Мікалаевіч Зэкаў. Яго вечар прайшоў цёпла і пазнавальна. Паміж творчымі заданнямі і задачамі на кемлівасць Анатоль Мікалаевіч чытаў дзецям вершы з сваёй кнігі “Зязюля-гугуля”. Дзяцей на гэтай сустрэчы было больш як звычайна. Усе атрымалі ў падарунак аўдыёкнігі, размалёўкі, календары і закладкі для кніг.
5-га студзеня на закрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх выдавецтваў-экспанентаў. Працяглыя апладысменты заслужыў хор 9-ай музычнай школы, што выконваў Калядныя песні.
Старшыня аргкамітэта выставы Савін Аляксандр Альбертавіч коратка падвёў вынікі працы выставы і ўручыў падзячныя граматы. Аляксандр Альбертавіч асабліва адзначыў часопіс “Вясёлка”, які першым падтрымаў ідэю стварэння выставы.
Пасля афіцыйнага закрыцця і ўнагароджання ўдзельнікаў у Дзіцячай гасцёўні, на трэцім паверсе прайшоў падзячны малебен у інтэнцыі заканчэння працы выставы.
Падчас выставы не аднойчы была падкрэслена неабходнасць якаснай літаратуры для сучасных дзяцей. Пра гэта казалі і святары, і менеджэры, і пісьменнікі, і настаўнікі, і бібліятэкары, і бацькі. Дзеці таксама выражалі сваю зацікаўленасць выставай і творчымі сустрэчамі (і асабліва мультфільмамі) у Дзіцячай гасцёўні. А бацькам і настаўнікам вельмі карыснымі былі тэматычныя сустрэчы і семінары ў канферэнц-зале, якія праходзілі кожны дзень працы выставы.
Ліна ЧАРНЯЎСКАЯ