Выхоўваем душу
Выхоўваем душу
Працягвае сваю працу выстава дзіцячай кнігі “Книжки в штанишках”. Нават у будні сюды прыходзіць шмат наведвальнікаў. Многія прыходзяць за адной кнігай, заўважаюць прывабныя цэны і купляюць значна больш. Напярэдадні Новага года асаблівым попытам карыстаюцца падарункавыя выданні. Пакупнікі задаволеныя, што не трэба шмат думаць, выбіраць. Кніга сама па сабе добры падарунак. А на такой выставе не можа быць безгустоўных, нядобрых кніг. І каштуюць яны ўсе танней за кнігі ў крамах.
Некаторыя дзіцячыя выданні звычайна або малазаўважныя (з-за шырокай рэкламы больш модных часопісаў) або незаўважныя зусім. Тут, на выставе сабраная ўся якасная прадукцыя, дзе сапраўды лёгка арыентавацца, нават не валодаючы надзвычайным густам.
Дзецям асабліва падабаецца адначасовая забаўляльная праграма. Па-першае, ім не надакучае выстава. Па-другое, старэйшыя дзеці могуць адправіць бацькоў па “сваіх справах”, а самі застацца ў Дзіцячай гасцёўні. Па-трэцяе, гэта выдатна арганізаваны вольны час у канікулы. У перапынках паміж гульнямі і сустрэчамі Дзіцячая гасцёўня ператвараецца ў відэазал. Дарэчы, мультфільмы з задавальненнем глядзяць і дарослыя.
Да Новага года ў гасцёўні кожны дзень ладзілі гульні акцёры ТЮГа. У апошні дзень года вясёлае свята правядзе сам Дзед Мароз.
Дзякуючы штодзённым сустрэчам з пісьменнікамі паглыбляецца цікавасць дзяцей да чытання. Звычайна дзеці проста бачаць часопіс, але не бачаць, хто за ім стаіць. На выставе яны могуць паразмаўляць з прадстаўнікамі часопіса. Напрыклад, 27-га снежня да маленькіх чытачоў прыходзіў галоўны рэдактар часопіса “Кважды Ква” Андрэй Смятанін. 28-га праводзіла творчы майстар-клас мастачка часопіса “Качели” Кацярына Русакевіч. 29-га снежня дзеці сустракаліся з пісьменнікамі Андрэем Жвалеўскім, Яўгеніяй Пастэрнак і Маргарытай Прохар, беларускай письменніцай, якая распрацоўвае цікавыя галаваломкі і рэбусы для часопіса «Вясёлка». Пісьменнікі ад нашага часопіса таксама прыходзяць кожны дзень а 17 гадзіне ў Дзіцячую гасцёўню. Завітаў і галоны рэдактар, Уладзімір Ліпскі. Ён падрабязна расказаў пра мерапрыемствы, што праводзяцца “Вясёлкай”, падзяліўся планамі на наступны год.
На заўвагу наведвальнікаў, што ў наш час камп’ютарны дыск змяшчае больш развіваючых магчымасцей, пісьменнік адказаў: “Планшэтаміды смартфонамі ўжо нікога не здзівіш. Самай прэстыжнай зараз зноў робіцца кніга. Бо менавіта кніга выхоўвае душу. Многім лягчэй успрыняць слова надрукаванае, за слова на экране. Дыскі карысныя, толькі як дадаткі да кнігі. Кніга застаецца асновай асноў. Але трэба мець густ, каб выбраць кнігу. Раю карыстацца ўніверсальным паказчыкам: запала ў душу ці не. Я гатовы падтрымаць любыя пачынанні, галоўнае, каб створанае кранала чытача. Што тычыцца дзяцей, то кнігі для іх абавязкова павінны мець элемент гумару. Дзеці, што чытаюць, адрозніваюцца арыгінальным і вобразным мысленнем”. Уладзімір Сцяпанавіч выказаў надзею, што сучасныя дзеці не толькі пазнаёмяцца з традыцыямі і гісторыяй свайго народа, але і працягнуць і ўзбагацяць яе.
Ліна Чарняўская