Мінулыя выхадныя «Вясёлка» правяла ў кампаніі маскоўскіх дзяцей
З 8 па 11 снежня ў Маскве праходзіла выстаўка “Лепшае – дзецям”. Стэнд «Вясёлкі» быў прадстаўлены ў рамках экспазіцыі Саюзнай дзяржавы. Арганізатары мерапрыемства запрасілі прадстаўнікоў усіх якасных кампаній, якія працуюць на карысць дзяцей. Дарадчыкі старшыні Саюзнай дзяржавы Ярусіны Ніна Паўлаўна і Канстанцін Аляксеевіч прапанавалі беларускамоўнаму часопісу “Вясёлка” прыняць удзел у выстаўцы. Па словах галоўнага рэдактара “Вясёлкі” Уладзіміра Ліпскага, стэнд беларускага часопіса меў вялікі поспех сярод наведвальнікаў Манежа.
У сталіцу Расіі “Вясёлка” прывезла беларускія кніжкі для дзяцей, а таксама ўласныя сцягі і падшыўку. Не забыліся і пра дзяцей. Разам з часопісам на выстаўку “Лепшае дзецям” паехала Сенніцкая школа-інтэрнат. Вучні паказвалі і нават прадавалі ўласныя вырабы расійскім грамадзянам.
Ля стэнда “Вясёлкі” заўсёды было шмат людзей. Яны падыходзілі, цікавіліся, распытвалі пра дзейнасць часопіса ў Беларусі, яго мэты і поспехі. Знакамітыя асобы не абмінулі сваёй увагай беларускага прадстаўніка таксама. Павел Барадзін, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы, знакамітая савецкая фігурыстка Ірына Радніна, стваральнік і кіраўнік тэатра кошак Юрый Куклачоў – вось тыя дзеячы, якія не проста зацікавіліся “Вясёлкай”, але і дапамагалі часопісу на выстаўцы.
Часопіс “Вясёлка” ўвайшоў у каталог выстаўкі “Лепшае – дзецям” (там даецца агульнае ўяўленне пра гэты сродак камунікацыі з дзецьмі, а таксама важныя на погляд агранізатараў выстаўкі звесткі пра часопіс), а таксама артымаў дыплом удзельніка.
— За час знаходжання ў Маскве мы пабылі на канферэнцыях, прысвечаных праблемам выхавання новага пакалення, а таксама прынялі ў іх непасрэдны ўдзел. Арганізатары падрыхтавалі дзіцячыя п’есы, мы наведалі і іх. Удзел у такой выстаўцы — гэта вельмі карысны вопыт, — гаворыць Уладзімір Ліпскі.
На выстаўку “Лепшае – дзецям” з’ехаліся ў асноўным расійскія кампаніі. А вось цікава было б паглядзець на тых людзей, якія працуюць на “дзіцячым” рынку ў Беларусі. Ці многа іх? Ці давяраюць гэтым прадстаўнікам беларусы? Ці ёсць у нас перспектывы да развіцця?
Часопіс “Вясёлка” выказвае шчырыя словы падзякі усім арганізатарам і ўдзельнікам выстаўкі.
Марыя БАЗУЛЬКА