Крышку пра кніжку
Крышку пра кніжку
Прыгожая наша Беларусь – кожная вобласць, кожны раён. У гэтым яшчэ раз пераконваешся, калі чытаеш новую кнігу Уладзіміра Ліпскага “Вясёлка над Нёманам”.
Вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі запрашае вас, сябры, у падарожжа па Гродзеншчыне. “Каб палюбіць сваю родную зямлю, –піша аўтар, – трэба ведаць яе гісторыю, геаграфію, яе спадчыну, яе людзей”.
І пісьменнік умела і ашчадна, падбіраючы самыя важныя і цікавыя падзеі, факты, лічбы, расказвае пра скарбы мінуўшчыны, пра сучасныя прамысловыя прадпрыемствы і сельскую гаспадарку, пра гістарычныя мясціны і музеі, пра маляўнічыя краявіды прыроды. Расказвае дакладна, як гісторык-даследчык, і натхнёна, з захапленнем, каб кожны сэрцам і душой зразумеў, ацаніў і палюбіў зямны свет, у якім мы жывём.
Гродзенская вобласць мае свой герб. Галоўны сімвал на ім – магутны залацісты зубр. Вакол яго – дубовыя лісты і жалуды, абвітыя залацістай стужкай. Герб вянчае, быццам карона, вежа з трыма байніцамі і пяццю цаглянымі зубцамі. Кожны з сямнаццаці раёнаў і сталіца вобласці – горад Гродна таксама маюць свой герб. У адметных сімвалах увасоблены сіла, мудрасць і працавітасць гродзенцаў – далёкіх продкаў і сучаснікаў.
Як ваявалі з чужынцамі, чым займаліся і займаюцца людзі ў мірны час, сведчаць прозвішчы – традыцыйныя і рэдкія, як загадка з радаводнай падказкай. Уладзімір Ліпскі ўваскрашае з нябыту постаці знакамітых людзей, даследуе радаводы асобных сем’яў, паглыбляе і пашырае звесткі пра старыя і новыя гарады і вёскі Гродзеншчыны. Згадваюцца і ўшаноўваюцца добрым словам слынныя дзяржаўныя дзеячы, мужныя ваяры, таленавітыя пісьменнікі, мастакі і кампазітары, простыя людзі – працавітыя, сумленныя і гасцінныя гаспадары на роднай зямлі. У кожнага з іх свой лёс: адным пастаўлены велічныя помнікі, над магіламі і памяццю другіх шумяць сціплыя бярозы ды сосны.
Аснову кнігі, як каляровы ўток, разнастайна ўзбагачаюць радкі з вершаваных твораў, народныя паданні, прыказкі і прымаўкі, дамашнія заданні, рэбусы. Гэта і мастацка-дакументальная чытанка, і ўнікальны падручнік для дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў.
Кнігу з аўтографам пісьменніка атрымаў амаль кожны юны гродзенец – выпускнік пачатковай школы.
У слове-звароце да чытачоў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра піша: “Сябры! Аўтар і шчодрыя, улюбёныя ў сваю зямлю гродзенцы-мецэнаты дораць вам гэту выдатную кнігу з надзеяй і верай, што вы палюбіце нашу Гродзеншчыну, вам захочацца прайсці па прапанаваных адрасах і закарціць адкрыць свае сцяжыны да вядомай і невядомай гісторыі Прынямоння”.
Мастакі Анастасія Лебядзінская і Уладзімір Жук аздобілі кнігу “Вясёлка над Нёманам” выявамі гербаў і геаграфічнай картай кожнага раёна вобласці, малюнкамі, якія цешаць вока і ў фарбах дапаўняюць аповед аўтара. А выпусціла кнігу ў свет выдавецтва “Літаратура і Мастацтва” вялікім тыражом – 11300 асобнікаў.
Вася Вясёлкін