Камары і мядзведзь
Среда, 15.06.2011 15:24. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Улез мядзведзь у балота, лёг і падушыў камароў, можа, пяцьсот ці болей. Зазвінелі астатнія камары, не даюць спакойна ляжаць. А самы галоўны пішчыць:
– Ты чаго, дзядзька, сюды прыцягнуўся? За што загубіў нас столькі? Уцякай, пакуль жывы!
Мядзведзь ляжыць, нібыта не чуе. Тады камары наляцелі на яго цэлай хмарай. Вочы, нос, рот – усё абляпілі, свету белага не бачыць, бедны.
Падняўся мядзведзь з балота, давай лапамі махаць, нагамі тупаць. Ды хіба можна так адбіцца ад камарынай хмары? Мусіў з балота бегчы.
Камары адсталі. Толькі самы галоўны камар ляцеў за мядзведзем да самага лесу, пішчаў над вухам:
– Во, будзеш ведаць, дзядзька, як да нас чапляцца!
Ірына Масленік.
Мінскі раён,
Ратамская СШ.