Да юбілею пісьменніка Мар’яна ДУКСЫ
Мар’ян ДУКСА
Не хапіла
Прыляцелі — шум які! —
зноўку з выраю шпакі.
Праз чатыры, можа, хвілі
ўсе шпакоўні расхапілі.
Расхапілі, разабралі,
засвісталі па чарзе,
засвісталі,
ды не ўсе.
Змоўклі
два шпакі ў адчаі:
“Нам вось хаткі не хапае…”
— Не хапае!
— Не хапае! —
чарада шпакоў гукае.
Чутка вуліцай бяжыць:
— Двум шпакам няма дзе жыць!
Непрыемнасць у дзяцей:
— Падвялі сваіх гасцей.
Хаткі цёплай не ўручылі —
як жа так не разлічылі…
Пэўна, трэба ў дні такія
мець шпакоўні запасныя…
Закрычалі хлапчукі:
— Не гаруйце, два шпакі!
Стукнем, грукнем па фанеры —
атрымаеце кватэру!
Будзе ў ёй усё, што трэба:
жоўты дах, акенца ў неба.
Мар’ян Дукса (05.04.1943—19.04.2019) — беларускі паэт і празаік. Першыя вершы апублікаваў у 1960 г. Асноўныя тэмы паэзіі — прыгажосць Радзімы, роднай прыроды, праблемы дабра і зла. Ствараў вершы для дзяцей. У 2019 г. стаў лаўрэатам прэміі імя Васіля Віткі.