Да юбілею Хведара ЖЫЧКІ
Воскресенье, 20.03.2022 13:26. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
У мамы на руках
Спіць у мамы на руках сынок,
залюляны мараю салодкай,
нібы,
склаўшы крыльцы,
матылёк
спіць пад ласкай сонца на пялёстках.
На руках у мамы хлопчык спіць.
А на ганку летні ветрык лёгкі
ходзіць,
хоча дзверы адчыніць
у нязнаны свет,
у свет шырокі.
Хлопчык спіць у мамы на руках…
Можа, сніць сябе дарослым надта
у прыгожай форме марака
ці ў бліскучым шлеме касманаўта.
Пройдзе час —
і стане явай сон:
выйдзе ў мора, узляціць пад хмары,
працай рук нястомных будзе ён
маладзіць вясновыя абшары.
А пакуль — маленечкі сынок
на руках у мамы спіць салодка.
І жывы трапеча матылёк
над ягонай ільняной галоўкай.