Віншуем з 90-годзем даўняга сябра «Вясёлкі» — паэта Анатоля ВЯРЦІНСКАГА
Четверг, 18.11.2021 10:00. Рубрика: Вершы, Навіны "Вясёлкi"
МАМА МЫЛА РАМУ…
Паводле буквара
Была і ў мяне мама.
Мыла раму таксама.
Мыла раму яна дабяла, даясна.
Ці то ішло свята,
ці то прыйшла вясна.
Мама была занята —
мыла раму яна.
Мама раму мыла,
мама мыла шкло,
каб сонца не йшло міма,
а ў нашу хату ішло.
Стала светлай хата,
рады былі мы…
Ці то было свята,
ці то канец зімы.
Было ў мяне дзяцінства,
маці ў мяне была.
Раму мыла дачыста,
даясна, дабяла.
Потым не стала мамы.
Мама туды пайшла,
дзе ні шкла, ні рамы,
ні акна, ні святла.
Не мыць ёй болей раму.
Свята абходзіць маму.
Святло абходзіць весняе.
І маё акно
глядзіць на свет нявесела,
пацьмянела яно.