Віктар ШНІП «Белая курапатка»
Даўным-даўно на беларускай зямлі было вельмі шмат храмаў і манастыроў. І людзі ўсе жылі па законах божых. І сябравалі паміж сабой, і дапамагалі адзін аднаму не толькі святы святкаваць, але і гора гараваць. Радаваліся сонцу, кветкам, захапляліся спевамі птушак, і было ўсё ў іх добра і дома, і ў полі, і ў лузе, і ў лесе.
Побач з беларускімі землямі жылі людзі, якім заўсёды было мала і сваёй зямлі, і рэчак, і азёр, і нават сонца, якое свяціла аднолькава для ўсіх і зімой, і летам. Аднойчы чужынцы з агнём і мячом пайшлі на беларускую зямлю, каб захапіць нашы багатыя лясы і палі, нашы паўнаводныя рэкі і азёры, забраць у рабства нашых прыгожых жанчын. І хоць паўсталі супраць ворагаў усе, хто мог, але ўсё роўна гарэлі хаты бедных людзей, і гарэлі палацы багатых, бо агонь ніколі не глядзеў, што ў яго на шляху. Бяда ішла па нашай зямлі, але людзі не толькі змагаліся з ворагам, але, як і ў мірны час, сеялі і жалі, будаваліся, кахалі адзін аднаго.
У адным з манастыроў жыў малады манах Вінцэнт, і быў ён закаханы ў маладзенькую, прыгожую, як ясная зорачка ў небе, манашку Ефрасінню, якая жыла ў суседнім манастыры. І хоць іхняе каханне было вялікім грэхам, але яны час ад часу сустракаліся ў ляску, што рос на балоце. Усё, здавалася, ішло да таго, што праз нейкі час закаханыя пакінуць свае манастыры і вернуцца да свецкага жыцця, але зімой у час вялікага снегападу на жаночы манастыр напалі чужынцы. Яны захапілі і падпалілі манастыр. Мала хто ўратаваўся, а хто ўратаваўся ад агню і мяча, той знайшоў сваю смерць сярод заснежаных палёў і лясоў. Ефрасінні пашанцавала ўцячы ад ворагаў, і яна прыйшла ў лясок на балоце, спадзеючыся, што сюды ж прыйдзе яе каханы. Але ён не прыйшоў. Плакала і малілася Ефрасіння тры дні і тры ночы і не заўважыла, як яе амаль усю засыпала снегам і толькі крысо чорнага манашскага адзення, якое зачапілася за куст, віднелася з гурбы. Снег быў цёплы, як белы птушыны пух. На чацвёрты дзень дзяўчына ператварылася ў белую курапатку з чорным хвастом. Калі ўсё ж у лясок на балоце прыйшоў Вінцэнт і пачаў клікаць сваю каханую, ён напалохаў птушку, якой стала Ефрасіння. І ўзляцела белая курапатка над гурбай і сказала: “Вінцэнт, калі ты мяне кахаеш, ляці за мной…”
І ператварыўся хлопец у белую курапатку і паляцеў за сваёй сяброўкай. З таго часу ў ляску на балоце жывуць белыя курапаткі.