Яўгенія ВАСІЛЬЕВА «Як я страціў голас»
Сёння раніцай я прачнуўся і крыкнуў:
– Мама, я прачнуўся!
Гэта мне так здалося, што я крыкнуў. Насамрэч – ні гуку! Я паспрабаваў яшчэ раз – тая жа гісторыя! Тады я зразумеў, што, напэўна, я ахрып і страціў голас. І вядома чаму. Учора мы з хлопцамі ўвесь вечар у футбол гулялі. А я быў суддзёй. Ведаеце, якая ў суддзі нялёгкая праца? Па-першае, яму трэба перакрычаць усіх гульцоў з першай каманды. Па-другое, перакрычаць гульцоў з другой каманды, якія таксама хочуць перакрычаць гульцоў з першай. Па-трэцяе, трэба ўсім ім растлумачыць, хто з іх мае рацыю.
І вось я страціў голас. Спачатку я крышачку спалохаўся. А потым вырашыў, што гэта нават да лепшага. Спытаюць у мяне, напрыклад, на ўроку матэматыкі – а я не магу адказваць: голасу няма. Ніна Васільеўна скажа: “Сядай, Якушаў, я цябе ў другі раз спытаю”.
Або захоча мяне мама ў краму паслаць. А як я пойду, калі я нічога сказаць не магу? Або Марынка, сястра, зноў прыстане: “Дапамажы задачу вырашыць!” А я адмоўлюся – на законных падставах.
Увогуле, як ні зірні – вельмі зручна! Пачнуць цябе лаяць, спытаюць: “Дзе тваё сумленне?”. Трэба, вядома, адказваць, а ты толькі рукамі разводзіш. А ім і сказаць няма чаго.
Так я ляжаў думаў, пакуль мама з кухні не спытала:
– Арцём, ты будзеш на сняданак пірожнае з крэмам?
– Так, так! Безумоўна! – закрычаў я з усіх сіл.
Але паколькі голасу ў мяне не было, мама не пачула.
– Ну, як хочаш, – сказала яна. – Тады ідзі есці аўсяную кашу!