Уладзімір ЛІПСКІ «Цімох ВохВох»
Жыў-быў хлопчык Цімох. Дык ведаеце што? У яго не стала мабільніка.
Прачнуўся аднойчы Цімох, мац-мац пад падушкай – няма тэлефона. І на табурэціку не ляжыць. І ў кішэнях пуста. І на стале не відаць.
– Вох, вох! – завохкаў Цімох на ўсю хату.
Вохкаў і перад мамай, і перад татам, і перад сястрой Алёнкай. Ды ніхто не змог яму дапамагчы.
З тае раніцы пачалі Цімоха называць Вохвох. Ён спачатку сердаваў: знайсці мабільнік не могуць, толькі абзываюцца. Але добра, што хаця не ўшчуваюць, не вінавацяць за згубу.
Шукалі тэлефон усёй сям’ёй. Набіралі яго нумар, прыслухоўваліся да мелодыі – не адзываецца. Мама хадзіла з Цімохам у школу – не знайшлі. Алёнка перагледзела ўсю хату – няма. Тата абышоў двор, пабываў на дзіцячай пляцоўцы – дарэмна.
А якраз жа наступілі летнія канікулы. І павезлі Цімоха-безтэлефонніка ў вёску да бабулі Аршулі.
Тата сказаў:
– Уяўляеш,Цімоша, мая мама, а твая бабуля, жыве без тэлефона ўсё жыццё. Распытай, як гэта ёй удаецца?
Дарогай Цімох пазіраў у шкліны аўто. Спачатку маўчаў, пасля пачаў вохаць. Яго здзівіў бусел, які стаяў адной нагой у гняздзя на самым вільчыку хаты. Уразіў рагаты лось, які перабег ім дарогу. Пазайздросціў хлопчыкам, якія вудзілі ў рэчцы рыбу. Завохаў, калі ўбачыў машыну, якая везла на сабе цэлы гараж легкавушак.
Бабуля Аршуля сустрэла Цімоха, як самага дарагога госця. Пачала частаваць, хваліць, распытваць. Раптам пільна зірнула яму ў вочы і спытала:
– Бачу, унучак, у тваіх вочках нейкую трывогу. Што здарылася?
– Мабільнік мой знік. Шукалі, не знайшлі.
– Я ведаю, хто ўзяў. Дамавік!
– Ты з ім знаёма?
– Ён нябачны, унучак. Жыве ў кожнай хаце, кватэры. Ахоўвае ўсё і ўсіх. Не любіць неслухаў.
Цімох ледзь не завохкаў, толькі перапытаў:
– Ён можа пакараць вінаватага?
– О, мой унучак, ён жа Гаспадар у хаце. Пра ўсё ведае. Кожнага можа паўшчуваць.
– А мабільнік можа забраць?– Як адзін раз плюнуць. Што хочаш зробіць.
– От ён, напэўна, і забраў мой тэлефон. Вох, вох, казаў жа мне тата, каб доўга не бавіўся з гульнямі па тэлефоне…
– Добра, унучак, што ты зразумеў сваю віну. Дамавіку гэта падабаецца.
– І што, верне мабільнік?
Ён усё можа, калі яго задобрыць. Давай вучыцца жыць без падказак па экранчыку.
Бабуля Аршуля павяла Цімоха паказваць сваю гаспадарку. Як толькі вайшлі ў двор, іх кінуліся вітаць куры. Сярод іх вылучаўся агністы, барадаты певень.
– Гэта мой будзька, – патлумачыла бабуля. – Як толькі сонейка ўстае, ён кукарэкае, будзіць. А курачкі-сакатушкі – мае карміцелькі.
Бабуля паказала, дзе начуюць куры, дзе нясуць яйкі, расказала, як выводзяцца кураняткі.
Цімох Вохвох першы раз убачыў, як кармілася цялятка каровіным малачком. Першы раз пачуў свінны аркестр – як вішчэлі, рохкалі, цямкалі тлустыя жывёліны. Пасябраваў з Шарыкам, які вылез з будкі, каб павітаць госця.
Тым жа днём бабуля Аршуля павяла ўнуку ў лес, які пачынаўся адразу за агародам.
– У лесе жыве брат Дамавіка, лясны гаспадар Лясун. Ён ахоўвае лес і ўсіх яго жыхароў. Калі да яго з дабром прыходзіш, то і грыбамі, ягадамі пачастуе. А свавольнікаў можа і пакараць. Скіруе не на тую сцяжынку, от і блукай, палохайся.
Цімох прытуліўся да бабулі Урушлі, узяўся за яе руку. Так яны ішлі па ўладаннях Лясуна. Відаць, гаспадару леса падабаліся вандроўнікі, бо ён падсылаў да іх то звонкіх сінічак, то акрабатных вавёрак, то лекара-дзятла, то дзікіх галубоў. А пад іх ногі скіроўваў лісічак-сястрычак, зоркі спелых суніц, лясныя кветкі. І кожным разам Цімох вохаў ад здзіўлення. Не трэба ісці ў заапарк, не трэба хадзіць у магазін. Задобрыў Лясуна і ў цябе – лясныя падарункі.
Крыху настрашыўся Цімох, калі падышлі да балота, калі пачуў, што тут жыве тоўсты, увесь у гразі Балотнік. Ён мацней трымаўся за руку бабулі, баяўся не праслухаць яе аповед пра гаспадара чароўнага балота. Аказваецца, Балотнік можа паўшчуваць чарцей, якія водзяцца ў балоце. А паслухмянцаў можа пачаставаць журавінамі, брусніцамі, буякамі ды выдаць ім балотныя скарбы…