Аксана СПРЫНЧАН
Пятница, 10.07.2020 11:00. Рубрика: Вершы
Матуля майго таты
Чытае кніг багата
Сабе, і мне, і дзеду
Пасля і да абеду.
Сумуе ці рагоча,
А з кнігаю быць хоча.
І мне цікава з ёю –
З бабуляю маёю.
Пра цмокаў і піратаў
Чытаем мы заўзята.
Як кніга пра каханне,
Бабуля плача зрання.
Ды супакоім з дзедам:
“Цябе мы любім! Ведай!”
Матуля маёй мамы
Матуля маёй мамы –
Найлепшая таксама.
Яна вадзіла маму
Да школы і да храма.
Цяпер са мною ходзіць,
Усмешкаю лагодзіць.
У торбачцы бабулі
Ні перцу, ні цыбулі –
Цукеркі, шакаладкі,
Зефір і мармеладкі.
Шпацыры-забаўлянкі
Ажно да калыханкі.
Бабуля заспявае –
Анёлак засынае.
Няхай і трохі шкодны,
Затое вельмі родны.